Меню

Асцярожна! На пешаходнай дарожцы пашкоджаны каналізацыйны калодзеж!

Паведамленне, што ў Мядзеле па вуліцы Юбілейнай, 29 (каля новага магазіна «Капеечка») пашкоджаны калодзеж, з’явілася ў сацсетках. Едзем паглядзець.

Так, факт мае месца. Пашкоджаны калодзеж ліўневай каналізацыі знаходзіцца на пешаходнай дарожцы ля дома №29. Сітуацыя небяспечная: па неасцярожнасці ў яго можна ўваліцца. Асабліва калі непаладка не будзе ліквідавана да таго, як сцямнее. Таму адразу ж паведамляю ў жыллёва-камунальную гаспадарку.

Пакуль фатаграфую люк, падыходзіць жанчына.

– Няйначай, калодзеж пашкодзіла вялікая машына, – выказвае здагадку, – адна з тых, што прывозяць тавары ў магазін. Іх тут кожны дзень па некалькі бывае.

Не спяшаюся пагадзіцца з выпадковай суразмоўніцай. Бо хто яго ведае, як там было на самай справе. Але задумваюся: а калі сапраўды машына? Што павінен зрабіць вадзіцель, калі ненаўмысна (ад гэтага ж ніхто не застрахаваны) пашкодзіў калодзеж?

З гэтым пытаннем звяртаюся да  начальніка аддзялення ДАІ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэя Бародзіча.

– Калі транспартным сродкам, які рухаўся, пашкоджана маёмасць – гэта дарожна-транспартнае здарэнне, – адказвае Андрэй Генадзьевіч. – Адпаведна, вадзіцель павінен адразу паведаміць у міліцыю па нумары 102 і заставацца на месцы да прыбыцця супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі. Яны праінфармуюць адпаведныя службы, каб правялі рамонт або, калі  адразу гэта зрабіць немагчыма, належным чынам абазначылі небяспечнае месца і абмежавалі доступ да яго.  

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота і відэа аўтара

P.S. У 15:33 намеснік дырэктара па кацельнай гаспадарцы і цепласетках Мядзельскай ЖКГ Уладзімір Васілевіч паведаміў, што пашкоджаны калодзеж часова закрылі і належным чынам абазначылі. Поўны ж рамонт будзе праведзены не пазней за аўторак. Сёння зрабіць гэта немагчыма: на складзе адсутнічаюць люкі такога ўзору.

P.P.S. ФОТАФАКТ: у аўторак, 19 лістапада, калодзеж адрамантаваны.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59