Меню

«Думалі, што закрыюць, а яго адрамантавалі» Пра работу Чараўкоўскага ФАПа расказвае загадчыца

З першых вуснаў: пра Чараўкоўскі фельчарска-акушэрскі пункт расказвае яго загадчыца Галіна ТУМЕЛЯ.

ПРА ФАП

– Тут я працую з 1977 года, – кажа Галіна Валяр’янаўна. – І ўвесь час да апошняга рамонту цепліла дзве печкі, насіла ваду з калодзежа. У мінулым годзе на ФАПе зрабілі электрычнае ацяпленне, падвялі цэнтральнае водазабеспячэнне і каналізацыю, устанавілі бойлер.

Галіна Тумеля дэманструе: на ФАПе ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне

Адрамантавалі будынак, набылі абсталяванне: ад медыцынскага (электракардыёграф, прыбор для вымярэння ўнутрывочнага ціску) да новай мэблі. Абсталявалі санвузел. Заасфальтавалі пляцоўку. Маем дастаткова аднаразовых інструментаў, медыкаментаў – усё, што павінна быць па пераліку. Што і казаць, умовы змяніліся ў лепшы бок. Людзі задаволены: думалі, што ФАП закрыюць, а тут такі рамонт і новае абсталяванне.

ПРА ПРАЦУ

– У зоне абслугоўвання ФАПа 10 населеных пунктаў, – расказвае Галіна Валяр’янаўна. – Гэта Чараўкі, Целякі, Пасынкі, Сіманы, Логавіны, Антанізберг, Брылі, Скары, Унукі і Пячонкі. Як пачынала працаваць, насельніцтва гэтых вёсак складала 970 чалавек. На сённяшні дзень – 332. Шмат пажылых. 77 чалавек – на патранажным наведванні. Гэта людзі адзінокія і якія жывуць адны, інваліды І і ІІ груп. Іх трэба наведваць надомна. На прыём на ФАП за дзень у сярэднім прыходзіць 8–10 чалавек, яшчэ 3–4 – на ўколы. Людзі задаволены, што тут можна лекі купіць, працэдуру атрымаць.

У продажы ёсць неабходныя лекі

На вызавы дабіраюся пешшу або на веласіпедзе, калі ёсць патрэба – Нарацкая ўчастковая бальніца дае аўтамабіль. Вялікая падмога ў  працы – перасоўны медкомплекс. Цяжкасці здараюцца, але ўсе яны вырашальныя. Адчуваю пастаянную падтрымку і з цэнтральнай раённай бальніцы, і з Нарацкай участковай.

Я тут ужо 47 гадоў – усіх ведаю, з многімі сем’ямі пасябравалі. Я тут восем дзяцей хрысціла! Ці позні вечар, ці ў мяне выхадны, ці водпуск – калі клічуць да хворага, нікому не магу адмовіць.

ПРА СЯБЕ

– Працу сваю люблю і ведаю. Вышэйшая катэгорыя, стаж – 52 гады. Пасля заканчэння ў 1972-м Маладзечанскага медвучылішча накіравалі ў Мядзельскі раён, але тут не было вакансіі фельчара. Не хацела быць медсястрой – пераразмеркавалася ў Смалявіцкі. Адпрацавала пяць гадоў, выйшла замуж. Але пастарэлі і мелі патрэбу ў дапамозе бацькі (родам я з Пастаўшчыны), трэба было пераязджаць бліжэй да іх. Так і прыйшла фельчарам на гэты ФАП – спачатку на замену дэкрэтнага водпуску. Муж уладкаваўся ў аўтапарк. На ФАПе быў пакойчык, у якім мы жылі. Потым муж перайшоў на працу ў калгас, і мы атрымалі жыллё.

ПРА ЛЮБОЎ ДА ЖЫЦЦЯ

– Вельмі люблю людзей, якія хочуць жыць, прыкладаюць намаганні, каб жыць даўжэй. З часоў працы ў Смалявіцкім раёне запомнілася вельмі пажылая жынчына – расіянка, бежанка. Прыходзіць, бывала, вясной: «Галенька, доченька, сделай что-нибудь. Так хочется жить. Травка зеленеет, всё расцветает…» Я ёй вітаміны, глюкозу – жыве жанчына. Летам прыходзіць, кажа: «Доченька, Галенька, сделай что-нибудь. Всё цветет, столько всего в саду и огороде – как же умирать?» Восенню зноў, кажа, паміраць нельга: бульбачка вырасла, бурачкі, моркаўка – трэба ўсё спарадкаваць. А ўзімку, казала, паміраць страшна: камякамі мерзлай зямлі засыплюць. Як яна хацела жыць!

Радуе, калі людзі дбаюць пра сваё здароўе. Вядуць здаровы лад жыцця, своечасова звяртаюцца да медыкаў, праходзяць дыспансерызацыю. Раздаю літаратуру, стараюся давесці да свядомасці кожнага, што здароўе трэба берагчы нават не змоладу, а змалку.

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59