Меню

Багацце зямлі — у руках людзей. Расказваем пра мядзельскіх меліяратараў

Прымяненне меліярацыі дазваляе павысіць эфектыўнасць выкарыстання зямельных і водных рэсурсаў, сфарміраваць экалагічна збалансаваную структуру зямельных угоддзяў. Гэта, у сваю чаргу, садзейнічае павелічэнню прадукцыйнасці глебы, а значыць, і павышэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур.

– З самага пачатку свайго існавання Мядзельскае ПМС займаецца рэканструкцыяй аб’ектаў, абслугоўваннем гідратэхнічных збудаванняў і ўвогуле ўсёй меліярацыйнай сеткі раёна, – расказвае намеснік дырэктара па рамонтна-эксплуатацыйных работах прадпрыемства Сяргей Бабкевіч. – Аб’ём работ вялікі, але пастаўленыя задачы па плячы нашаму калектыву. Зараз усе сілы кінуты на асноўны аб’ект, які трэба завяршыць у бліжэйшы час. Гэта рэканструкцыя меліярацыйных сістэм “Кулікі” і “Раеўка” адкрытага акцыянернага таварыства “Мядзелаграсэрвіс”. Аб’ект складаецца з чатырох участкаў агульнай плошчай 272 гектары, дзе асушэнне зямель праводзілася адкрытай сеткай і закрытым дрэнажом. Напрыклад, з запланаваных 15-ці кіламетраў дрэнажу засталося пракласці яшчэ адзін. Пасля завяршэння ўсіх работ аб’ект будзе перададзены заказчыку для далейшага выкарыстання па прызначэнні.

Расказаў Сяргей Валяр’янавіч, што ход работ на аб’екце кантралюе майстар Аляксандр Звяруга. Ён – выпускнік Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, працуе на прадпрыемстве чацвёрты год. Пастаянна тут бываюць, цікавяцца справамі дырэктар Яўген Кузьмін і галоўны інжынер Ігар Франткевіч.

З добрага боку назваў мой суразмоўца машыністаў экскаватара Андрэя Казлова, Міхаіла Пашкевіча, машыніста пагрузчыка Дзмітрыя Чантарыцкага. Паважліва гаварыў і пра рабочых Аляксея Дразда, Яўгена Пашкевіча, Дзмітрыя Валюка і пра адзіную жанчыну, якая поплеч з мужчынамі старанна працуе на аб’екце, – Вольгу Мацко. Дарэчы, і муж Вольгі – Пётр – таксама задзейнічаны на меліярацыйных работах. Толькі ён – механізатар. Зараз займаецца скошваннем баршчэўніка ў Старлыгах.

– На аб’екце працуе 16 адзінак тэхнікі, – працягвае намеснік кіраўніка прадпрыемства. – У тым ліку два новыя экскаватары, атрыманыя напрыканцы мінулага года па лізінгу. Яны расійскай зборкі з запчастак кітайскай вытворчасці. Адзін замацаваны за вопытным машыністам Андрэем Валюком. Другі давераны машыністам Віктару Пуню і Аляксандру Дуброўскаму, якія пазменна па графіку працуюць цэлы светлавы дзень, нават у суботу і нядзелю. А ўвогуле мы атрымалі летась па лізінгу шэсць адзінак тэхнікі. Акрамя ўзгаданых двух экскаватараў, яшчэ два бульдозеры, “МАЗ” з тралам, цяжкую дыскавую барану. Гэта, дарэчы, адзін з рэальных і вельмі каштоўных крокаў праяўлення ўвагі да меліярацыі з боку дзяржавы.

Ад суразмоўцы даведалася, што напярэдадні прафесійнага свята машыністы экскаватара Андрэй Казлоў і Міхаіл Пашкевіч прадстаўлены да ўзнагароджвання Ганаровай граматай райвыканкама. А вадзіцель МАЗа Максім Машко і трактарыст Пётр Мацко – Ганаровай граматай вышэйстаячага аб’яднання “Мінскмеліяводгас”.

Варта адзначыць, што і сам Сяргей Бабкевіч не навічок у меліярацыі. З 1987 года працуе ў галіне. Быў і майстрам, і прарабам, і нават паспрабаваў сябе ў ролі кіраўніка прадпрыемства. Але больш па душы яму месца намесніка, на якім поўнасцю аддае сябе любімай сферы, клапоціцца пра людзей, якія ў ёй працуюць.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59