Марыя Захарэвіч выступіла ў Мядзеле перад землякамі
У Мядзельскім раённым Цэнтры культуры прайшла паэтычна-музычная імпрэза «Я перад вамі з памяццю сваёй…». У аснове праграмы ляжалі творы беларускіх паэтаў пра Вялікую Айчынную вайну, якія пранікнёна чытала народная артыстка Беларусі, наша зямлячка Марыя Захарэвіч.
А яшчэ яна дзялілася ўспамінамі, разважала пра лёс беларускай жанчыны і жыццё.

– У кожнага з нас ёсць вось тая хацінка, тая сцежка, – адзначыла са сцэны артыстка. – Мы называем гэта малой радзімай, і мы заўсёды хочам сюды, дзе б мы ні былі. Таму што там, як сказаў наш вялікі Максім Танк, усе нашы радасці, усе нашы беды і ўсё, што звязана з душой. Там хата, пакрытая крыламі ластавак. Там вокны, зашклёныя вачамі блізкіх. Там парог, высечаны з успамінаў, палявая дарога, закалыханая жытам. І галоўнае, што там нашы самыя дарагія людзі: маці і бацька. Якая радасць, калі яны ёсць! А яны заўсёды чакаюць, яны заўсёды ў трывозе за сваіх дзяцей і заўсёды светла-слёзна сустракаюць.
Музычнае суправаджэнне
Пранікнёныя словы гарманічна дапаўняла музычнае суправаджэнне. На працягу ўсяго вечара гучалі песні і інструментальныя кампазіцыі: перад гледачамі выступіў лаўрэат міжнародных конкурсаў Мікіта Фаміных, а таксама граў аркестр «Купалаўскі» (артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы).


Рэакцыя гледачоў
У залу завіталі не толькі мядзяльчане, але і жыхары іншых населеных пунктаў. Напрыклад, шмат людзей прыехала з Занарачы. А як шчыра віталі па заканчэнні імпрэзы Марыю Захарэвіч і артыстаў!
Удзячныя гледачы доўга не адпускалі артыстаў са сцэны, дарылі ім кветкі і разнастайныя гасцінцы. А некаторыя, як Валянціна Яфімава, Ядвіга Чарняўская і Даната Варабей нават чыталі прысвечаныя гераіні вечара вершы.


Уражанні ад сустрэчы
Расчуленая ўвагай землякоў Марыя Захарэвіч падзялілася ўражаннямі:
– Гэта было так светла, так прыгожа! Такія жанчыны падыходзілі, так віншавалі, столькі кветак! Гэта незабыўна. Канечне ж, мы дамовіліся абавязкова сустрэцца яшчэ раз, каб аддзячыць гэтым жанчынам, каб зноў прагучала беларуская паэзія, і каб такія сустрэчы былі часцей.















Рекомендуем