Медработники озерного края отметили профессиональный праздник
У Мядзельскім раённым Цэнтры культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў і 80-годдзю ўтварэння сістэмы аховы здароўя Мядзельшчыны. На яго сабраліся работнікі галіны і ветэраны. Усе святочна апранутыя, з прыўзнятым настроем.
Перад уваходам у залу гасцей сустракалі героі мультфільма “Тры каты” Коржык і Карамелька. У фае была аформлена выстава малюнкаў, прысвечаная медыкам.
З прывітальным словам да работнікаў сістэмы аховы здароўя і ветэранаў галіны звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч.
- Медыцына — гэта тая галіна, без якой не можа абысціся ніводзін чалавек, — зазначыў Аляксандр Васільевіч. — Прафесія ўрача поўнасцю прысвечана служэнню людзям. Яна патрабуе ад вас ведаў, бязмежнага цярпення, стойкасці, чуласці і душэўнай шчодрасці. Нялёгкай паўсядзённай працай вы ахоўваеце самыя вялікія каштоўнасці, якія падараваны нам, — жыццё і здароўе.
Кіраўнік раёна падзякаваў медыкам за прафесіяналізм. Пажадаў моцнага здароўя, шчасця, міру і дабра. Карыстаючыся прысутнасцю на свяце, уручыў лепшым работнікам галіны ўзнагароды. Ганаровай граматай райвыканкама за плённую, добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя раёна і ў сувязі з прафесійным святам узнагароджаны ўрач-педыятр участковага педыятрычнага аддзялення паліклінікі Мядзельскай ЦРБ Ірына Роўда і ўрач-эксперт агульнабальнічнага персаналу ЦРБ Ірына Валюк. Падзякі старшыні райвыканкама ўдастоены ўрач-стаматолаг-тэрапеўт Свірскай участковай бальніцы Вольга Сяржант, зубны фельчар стаматалагічнага кабінета Нарацкай участковай бальніцы Святлана Канопка, медыцынская сястра прыёмнага аддзялення ЦРБ Таццяна Капач, загадчык Камароўскага фельчарска-акушэрскага пункта Таццяна Бурэйка.
С віншаваннем і найлепшымі пажаданнямі да прысутных медработнікаў і ветэранаў сістэмы звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Антаніна Крыўко. Антаніна Пятроўна ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў урачу-метадысту (загадчыцы) аргметодкабінета Мядзельскай ЦРБ Наталлі Малько.
З дапамогай вядучых — Віктара Клімовіча і Кацярыны Клімовіч — удзельнікі мерапрыемства здзейснілі невялікі экскурс па старонках гісторыі сістэмы аховы здароўя Мядзельшчыны. Згадалі, як зараджалася сістэма аховы здароўя раёна, прозвішчы кіраўнікоў установы, а таксама сямейныя дынастыі. Дарэчы, сёння ў раёне працуюць дзевяць сем’яў, дзе дзеці пайшлі па бацькоўскай дарозе і сталі медыкамі. Сярод іх ёсць і ўрачы, і сярэднія медыцынскія работнікі.
Добрыя словы прагучалі на свяце ў адрас ветэранаў галіны. Кветкі і бурныя апладысменты таксама прысвячаліся ім. Асобна ўсе прывіталі ўрача-тэрапеўта стацыянара Крывіцкай участковай бальніцы Віту Івінскую, якая 52 гады свайго жыцця прысвяціла медыцыне і ўвесь час працуе на ніве аховы здароўя ў Крывічах.
Віталі прысутных медыкаў і прадстаўнікі маладога пакалення сёстры-ўрачы Аліна і Анэта Грышкевічы.
З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі да прысутных медыцынскіх работнікаў і ветэранаў галіны звярнуўся старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Валасевіч. Уладзімір Васільевіч падзякаваў кіраўніку ўстановы аховы здароўя Мядзельшчыны за супрацоўніцтва з раённым саветам ветэранаў і ўручыў Падзячны ліст і карціну мастака-ветэрана Леаніда Апанасевіча.
Прымалі медыкі віншаванні і падарунак і ад намесніка дырэктара па лячэбна-аздараўленчай рабоце НДЦ “Зубронак” Аляксандра Кішко.
Звярнулася да прысутных у зале і галоўны ўрач Мядзельскай ЦРБ Марына Субач. Марына Канстанцінаўна адзначыла, што 80 год — гэта цэлая эпоха ў жыцці сістэмы аховы здароўя з канкрэтнымі справамі і людзьмі. Падзякавала ўсім за прафесіяналізм, адказнасць і адданасць справе, якой медыцынскія работнікі азёрнага краю прысвяцілі сваё жыццё, і ўручыла ўзнагароды. Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама адзначана намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ЦРБ Вольга Кавешнікава, а падзяка начальніка галоўнага ўпраўлення аб’яўлена эканамісту планава-эканамічнага аддзела ЦРБ Марыі Таразевіч. Фотаздымкі дзевяці работнікаў галіны, паводле загаду галоўнага ўрача ЦРБ, будуць змешчаны на Дошку гонару ўстановы. Шэраг работнікаў на свяце ўзнагароджаны Ганаровай граматай Мядзельскай ЦРБ і падзякамі кіраўніка ўстановы.
Было віншаванне і ўзнагароды таксама ад прафсаюза. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ЦРБ Алена Куцкевіч уручыла Ганаровую грамату прэзідыума Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя медыцынскай сястры (старшай) паліклінікі Алене Ніцынскай, медыцынскай сястры (старшай) інфекцыйнага аддзялення Людміле Кайко і тэхніку-электроніку ЦРБ Дзмітрыю Познышу.
Музычныя прывітанні адрасавалі ўдзельнікам мерапрыемства салісты Кацярына Цурганава, Лізавета Шутава, Анжаліка Кароль. Хораша спявалі дуэты ў складзе Віктара Назаранкі і Кацярыны Цурганавай, Аляксандра Роліча і Кацярыны Цурганавай.
А завяршылася канцэртная праграма выступленнем арт-групы “Багач”, якую вельмі цёпла прымалі прысутныя.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.