Віншаванні, пажаданні і падарункі. У гімназіі прайшла святочная лінейка

У цэнтры ўвагі былі самыя юныя гімназісты – пяцікласнікі. Разам з класным кіраўніком Вольгай Рудак яны ўрачыста занялі месца на лінейцы.

— Жадаю, каб гімназія стала для вас сапраўдным храмам ведаў, – зазначыў, вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Бразоўскі. Пасля традыцыйных для першай вераснёўскай лінейкі зычанняў добра вучыцца ён пажадаў і добра адпачываць. Апошняму пажаданню быў лагічны працяг – падарункам гімназіі ад райвыканкама з нагоды пачатку навучальнага года стала музычная калонка.
Добрыя пажаданні адрасавала ўдзельнікам адукацынага працэсу дырэктар гімназіі Ірына Азарка. А потым узнагародзіла рабят, якія вызначыліся ў алімпіядным руху і творчых конкурсах.

Па традыцыі выступілі самыя малодшыя і самыя старэйшыя вучні, адзінаццацікласнікі ўручылі сувеніры пяцікласнікам.


Ну а потым званок паклікаў усіх на першы ўрок.

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара
Рекомендуем






