Меню

Бусліная вуліца ёсць у Камарове

На вуліцы Міру ў вёсцы Камарова можна налічыць аж шэсць бусліных гнёздаў, якія размяшчаюцца не вельмі далёка адно ад другога. Па крайняй меры ні на адной з іншых вуліц населенага пункта іх столькі няма.

Жыхары расказваюць, што пастаянна на іх вуліцы селяцца буслы. Увесну прылятаюць, робяць гнёзды, выводзяць і гадуюць птушанят, а пад восень дружна сем’ямі збіраюцца ў гурт і адлятаюць у вырай.

Летась новая чарада птушак з’явілася ў вёсцы. Прычым летам, калі буслы, што гнездаваліся тут пастаянна, птушанят ужо вывелі. «Чужынцы» пасяліліся на вялікім дрэве каля будынка старой школы. Гнёздаў яны не рабілі. Днём хадзілі па палях у пошуках ежы. А ўвечары збіраліся разам на дрэве, каб пераначаваць. Казалі людзі, што хутчэй за ўсё птушкі прыляцелі з Украіны. Напэўна, ад вайны ў Беларусі хаваюцца…

А сёлетняй вясной нашмат больш буслоў прыляцела ў Камарова, чым звычайна. Хутчэй за ўсё вярнуліся на радзіму бацькі са сваімі дарослымі дзецьмі, якія тут выраслі. А магчыма хто і з «чужынцаў» вырашыў знайсці сабе тут прыстанак, аблюбаваўшы прыгожыя і ціхія навакольныя мясціны. Як бы там ні было, а бусліных гнёздаў сапраўды стала больш!

Цешыліся людзі, назіраючы, як дружна вясной буслы насілі галіны, каб упару змайстраваць гнёзды і паспець вывесці птушанят. Дзівіліся іх працавітасці, упартасці і настойлівасці. А калі бачылі, як моцны вецер і непагадзь перашкаджаюць птушкам ажыццявіць задуманае, засмучаліся, бо шкадавалі іх. Пры моцным ветры буслам і самім было цяжка падняцца ўвысь, а тым больш з галінамі дрэў у дзюбе і з іншым матэрыялам, прыдатным для будаўніцтва гнязда. Але руплівасць і мэтанакіраванасць дапамаглі птушкам усе выпрабаванні пераадолець. Праўда, гнёзды зноў аказаліся на слупах ліній электраперадач.

Цяпер, калі едзеш па вуліцы Міру, яшчэ можна ўбачыць птушанят, якія стаяць у гнёздах і махаюць крыламі, рыхтуючыся да свайго першага палёту. А некаторыя нават пад наглядам бацькоў ужо і лятаць пачынаюць.

Час хутка ідзе. Не агледзішся, як надыдзе пара і ў вырай адпраўляцца. Дарога гэта будзе доўгай і цяжкай. Вялізную адлегласць давядзецца буслам пераадолець, з рознымі перашкодамі справіцца, каб дабрацца да свайго канечнага прыпынку. А таму ўжо зараз ім трэба ў далёкі шлях рыхтавацца і сіл набірацца, асабліва маладым птушкам.

Кажуць, што буслы селяцца толькі каля добрых людзей. Напэўна, так і ёсць, раз прыгожыя птушкі выбралі месцам для свайго пражывання менавіта вуліцу Міру.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59