Капремонт домов на Мядельщине: все идет без стресса
Работы па рамонце жыллёвага фонду раёна вядуцца поўным ходам. Пра гэта расказвае галоўны інжынер Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей ШАШОК:
- Згодна з перспектыўнай праграмай капітальнага рамонту жыллёвага фонду раёна на 2021-2025 гады сёлета ажыццяўляецца рамонт двух шматкватэрных дамоў у Мядзеле – № 17 па вуліцы 1 Мая і №8 па вуліцы Ленінскай, №2 па вуліцы Нарачанскай у к. п. Нарач і №2 па вуліцы Чарняхоўскага ў аграгарадку Баяры Мядзельскага сельсавета.
- Аляксей Васільевіч, хто выконвае работы? Як аб’екты будаўніцтва забяспечаны фінансаваннем?
– У Мядзеле рамонтам шматкватэрнікаў займаецца таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белэнергакомплекс”, а ў курортным пасёлку і Баярах — прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Будаўнічы Комплекс “Прараб МК”.Фінансаваннем названыя аб’екты забяспечаны, таму пытанняў па вядзенні работ не ўзнікае. А ўвогуле на капрамонт жылля сёлета выдзелена 3150 тысяч рублёў.
- Што прадугледжана ў працэсе капітальнага рамонту шматкватэрных жылых дамоў?
- Аб’ём работ вызначаны вялікі. Гэта замена даху, рамонт фасаду, адмосткаў, уваходных груп, замена ўваходных дзвярэй, вокнаў на лесвічных клетках і ў падвалах. У планах — рамонт сістэмы агульнага электразабеспячэння, замена на паверхах электрычных шчыткоў, а таксама размеркавальных устройстваў, абсталявання цеплавога вузла, магістральных сетак водазабеспячэння і ацяплення.
- Як кантралюеце якасць выканання работ?
- Часта бываю на аб’ектах. Бачу старанне будаўнікоў, якія іншы раз працуюць дапазна, каб больш зрабіць. Але толькі не ва ўрон якасці. Увогуле работай іх мы задаволены.
- Наколькі разумею, аб’екты трэба здаць у першым паўгоддзі бягучага года. Справіцеся?
- Перакананы, што выканаўцы работ нас не падвядуць. Усё запланаванае зробяць своечасова і якасна.
Пракаментаваў ход вядзення работ прараб таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белэнергакомплекс” Дзмітрый Бушкоў:
- Мы – прыезджыя. Наша фірма размяшчаецца ў Бабруйску. Пачынаючы з сакавіка працуем у Мядзеле на двух аб’ектах. Па фінансаванні пытанняў няма. А вось на тэмпах работ іншы раз адбівалася надвор’е. І гэта рэальнасць, якую не зменіш. Хоць, шчыра кажучы, зараз і дождж нам не перашкода. Людзі стараюцца. Часам і раней выходзяць, і пазней затрымліваюцца. Аб’ём работ вызначаны даволі значны. Гэта і замена камунікацый, электраабсталявання на лесвічных клетках і ў падвалах, стаякоў каналізацыі і труб водазабеспячэння ў кватэрах, дзе зараз жывуць людзі. Таму трэба знаходзіць узаемаразуменне з жыхарамі дома. Мы займаемся таксама рамонтам фасаду будынкаў, заменай даху. Пастараемся ўкласціся ў вызначаныя тэрміны здачы жылфонду ў эксплуатацыю.
Выказала свой погляд на “гарачую” тэму жыхарка дома № 17 па вуліцы 1 Мая райцэнтра Раіса Цімкавіч:
- Дому нашаму ўжо 42 гады, таму і не дзіўна, што і страха працякае, і трубы іржавыя. Рады, што нарэшце робіцца капітальны рамонт будынка. Толькі добрае магу сказаць пра будаўнічую брыгаду, якая ў нас працуе. Гэта прафесіяналы сваёй справы і вельмі тактоўныя, ветлівыя людзі. Так лічу не адна я. Наколькі ведаю, пагодзяцца са мной многія жыхары нашага дома. Аб’ём работ вызначаны вельмі вялікі. Многае з намечанага ўжо выканана. Але яшчэ шмат спраў і наперадзе. Хочацца спадзявацца, што будаўнікі з усім справяцца ў вызначаны тэрмін. Мы ўсе бачым, што працуюць яны зладжана і не лічацца з асабістым часам. З намі заключаны дагаворы на выкананне работ, праводзяцца сходы, дзе мы можам і пытанні свае задаць, і адказы на іх атрымаць.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ