Меню

«Хорошо получилось, все говорят». Вспоминаем, как прошел праздник Свири

Па-свірску весела, па-свірску шчодра, па-свірску смачна адзначалі свята гарадскога пасёлка.

Чаму весела? Бо з песнямі і танцамі. Чаму шчодра? Бо з падарункамі. Чаму смачна? Бо з караваем і юшкай. Усё гэта – у святочна ўпрыгожаным парку. Ды з узнагародамі, добрымі пажаданнямі, выставамі, гандлем, атракцыёнамі. З феерверкам нават!

Каравай быў з мукі новага ўраджаю – так са сцэны казаў дырэктар ААТ “Свір-агра” Віктар Субач, ён маніць не будзе.

Віктар Субач запрашае пачаставацца караваем

А юшку зварылі са свежага шчупака – гэта потым ужо расказалі мне жыхары пасёлка. А людзі, якія выраслі ля возера, шчупака з кількай не паблытаюць.

Найлепшыя пажаданні адрасавала жыхарам і гасцям пасёлка старшыня Свірскага сельвыканкама Валянціна Субач. І ўзнагародзіла свіраніна з вялікім стажам, дырэктара санаторыя “Спадарожнік” і дэпутата сельскага Савета Уладзіміра Сяржанта. Ёсць за што: дзякуючы Уладзіміру Францавічу адрамантаваны помнік загінуўшым землякам, што ля Дома культуры. Ну а на свяце Уладзімір Сяржант падараваў сельвыканкаму тэлевізар.

Уладзімір Сяржант і Валянціна Субач

Адзначыла старшыня сельвыканкама і гаспадароў самых дагледжаных сядзіб. А гэта Андрэй і Марыя Кіслыя, Алег Савіч і Галіна Гавейка, Аляксандр і Таццяна Бузянковы, Андрэй і Гелена Пашукі, Тэрэза Ражкова.

Узгадалі самых старэйшых жыхарак Свіры Фелемону Бялевіч і Любоў Кумішчу. Абедзвюх на свяце не было, але падарункі ім перадалі.  Не забыліся і пра самага юнага свіраніна – гэта Данііл Пятроў, якому няма яшчэ і года. І пра тых, у каго дзень нараджэння супаў са святам – гэта Ірына Атрошка і Аляксандр Скакун.

У святочным парку разгарнуўся гандаль
На свята прыйшлі і юныя свіране

Уражаннямі падзялілася жыхарка Свіры Галіна ГАВЕЙКА:

— Было прыемна, што нашу сядзібу назвалі сярод лепшых. Выклікалі на сцэну, адпаведнае пасведчанне ўручылі і абрус падаравалі – памяць застанецца. Спадабалася, што дырэктар гаспадаркі са сцэны падзякаваў сваім работнікам. І сапраўды, мы святкавалі, а яны працавалі на ўборцы ўраджаю. Дзякуй старшыні сельвыканкама і ўсім яго супрацоўнікам, а таксама самадзейным артыстам і ўсім-усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі свята. Добрае яно атрымалася, усе пра гэта кажуць.

Шмат людзей сабралася паглядзець канцэрт

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота Свірскага сельвыканкама

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59