Медведей бояться — в лес не ходить?
Сляды кіпцяў вялікага драпежніка на дрэвах у лесе за вёскай Старына ўбачыла і сфатаграфавала жыхарка Слабады Алена Садоўская. Людзі, якім яна паказала здымкі, упэўнены: гэта мядзведзь.
Дык хто падрапаў сасонкі? Мы паказалі здымкі начальніку аддзела паляўнічай гаспадаркі Нацпарка «Нарачанскі» Аляксандру Ярашэвічу.
– Па фота цяжка сказаць адназначна, – адказаў Аляксандр Сяргеевіч. – Але хутчэй за ўсё, сапраўды мядзведзь. Гэтыя жывёлы перыядычна прысутнічаюць у нашых лясах, заходзяць з сумежных тэрыторый.
– Якія будуць парады аматарам збору грыбоў і ягад?
– Самае галоўнае: ад мядзведзя нельга ўцякаць, бо ў яго можа прачнуцца інстынкт пераследу. Гэта звер вельмі магутны і бегае хутка. Ёсць нават прыказка: ад мядзведзя не ўцячэш. Таму найлепшая сустрэча з ім – тая, што не адбылася. У лесе трэба шумець, перагуквацца. Тады звер даведаецца пра вашу прысутнасць загадзя і сам будзе трымаць дыстанцыю. А вось калі паводзіць сябе ціха, можна выпадкова сутыкнуцца з ім, напрыклад, у малінніку. Убачылі мядзведзя першым – ціхенька сыходзьце, калі ён не глядзіць у ваш бок. Калі ж звер блізка і заўважыў вас – не ўцякайце, не адварочвайцеся ад яго, не глядзіце яму ў вочы. Сам не меў такога вопыту, але ёсць рэкамендацыя падняць рукі ўверх – так вы будзеце здавацца яму вышэйшым. Мядзведзь можа падысці бліжэй або стаць на заднія лапы, каб лепш вас разгледзець ці абнюхаць. Гэта неагрэсіўныя паводзіны – не панікуйце, размаўляйце з ім нізкім спакойным голасам.
Калі пазбегнуць кантакту не атрымалася, падайце на зямлю і нерухома ляжыце на жываце або скруціўшыся ў клубок. Звер зразумее, што небяспекі няма, і сыдзе. Калі ж будзе агрэсіўна нападаць, выкарыстоўвайце ўсе магчымыя спосабы абароны, у тым ліку пярцовыя балончыкі або іншыя спрэі.
Наталля ЛІСІЦКАЯ