Меню

Мядельчанка издала книгу

Мядельчанка издала книгу

Перад святам Нараджэння Хрыстова ў рэдакцыю газеты завітала мясцовая паэтка Ядзвіга СМОЛКА. Нагода, якая прывяла да нас жыхарку Мядзела, выхад у свет першага зборніка ўласных вершаў.

У кнізе сабраны самыя розныя творы, якія згрупаваны па чатырох раздзелах: «Родная мова», «Все родное нужно беречь», «С любовью к жизни», «Встречи и разлуки». Ядзвіга Рамуальдаўна атрымала зборнік з друкарні 31 снежня, і гэта стала для яе самым дарагім падарункам да навагодняга свята.

Родам Ядзвіга Смолка з вёсачкі Баравікі, што на Мядзельшчыне. Выхоўвалася ў звычайнай працавітай сям’і. Мае дзвюх сясцёр. За плячыма – вучоба ў трох школах: пачатковай у Баравіках, Слабадской васьмігодцы і ў Крывіцкай СШ, дзе заканчвала 9-ы і 10-ы класы. Пасля былі Магілёўскае вучылішча бытавога абслугоўвання, многія гады руплівай працы закройшчыцай у трыкатажным цэху ў Мядзельскім Доме быту і шматлікія дамашнія клопаты, бо аўтар зборніка яшчэ і жонка, матуля, бабуля.

– Першая спроба пяра звязана са Слабадской васьмігадовай школай. Напачатку гэта былі чатырохрадкоўі для насценнай газеты. Прысвячаліся яны пераважна парушальнікам дысцыпліны, двоечнікам. А першыя вершы напісала ў 8-м класе. Памятаю, паказала іх маме. Яна ўважліва прачытала і мяне пахваліла. Вядома, было прыемна. Але больш нікому іх не паказвала, у стол паклала, – расказвае Ядзвіга Рамуальдаўна. – Калі вучылася ў Магілёве, пісала вершы пра каханне, пра радасць сустрэч і горыч расстанняў. Хто з нас у юнацтве не праходзіў праз гэта? За аснову сюжэтаў брала не толькі ўласныя пачуцці, але і назіранні за іншымі. Дзяўчатам-сяброўкам мае творы падабаліся. Некаторыя прысвячала і ім. Пасля было неяк не да вершаў: сям’я, дзеці, работа… Вярнулася да гэтага занятку 15 гадоў назад. Тады муж паехаў у Маскву на заробкі. Каб не сумаваць, зноў пачала пісаць. Цяпер часу ў мяне на гэта хапае: я ж на пенсіі!

Што вас натхняе, пра што пішаце?

– Пра жыццё і людскія лёсы, якія прапускаю праз сябе. А таксама пра мінулае, родную вёсачку, радзіму, дарагіх мне людзей. Пра любыя сэрцу мясціны, прыгожыя нарачанскія краявіды, кветкі, – прызнаецца аўтар. – У кожным творы – часцінка маёй душы, уласныя пачуцці. Словам, тое, чым жыву, аб чым перажываю, што хвалюе. У зборніку ёсць некалькі вершаў, напісаных у юнацтве. Астатнія створаны за апошнія 15 год. І гэта далёка не ўсе. Таму, можа, з часам яшчэ адзін зборнік атрымаецца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59