Як прайшоў Тыдзень бацькоўскай любові ў сацыяльным пансіянаце «Маяк»
Багатым на культурныя падзеі выдаўся Тыдзень бацькоўскай любові для жыхароў Свірскага сацыяльнага пансіяната «Маяк».
У панядзелак да іх зазірнулі валанцёры дабрачыннага фонду «Спірас». Цудоўны настрой усім стварыў спявак Дзмітрый Камінскі. А напрыканцы сустрэчы жыхары пансіяната атрымалі салодкія падарункі.
У чацвер з віншавальным канцэртам завіталі загадчык Свірскага ГДК Валянцін Мацясовіч і самадзейныя артысты Нарацкага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Серафімовіч, Юлія Сямёнава, Вольга Буянава, Святлана Роўда і Надзея Андрушкевіч. Кіраўнік гуртка «Юныя скульптары» Віталь Зубок правёў майстар-клас, удзельнікі размалёўвалі гіпсавыя фігуркі. Жыхары пансіяната павіншавалі прысутных музычнымі нумарамі.
А ў пятніцу яны адчулі сябе сапраўднымі артыстамі: з канцэртам пабывалі ў Буйкаўскай бібліятэцы-клубе.
— Атмасфера залы была напоўнена цяплом і радасцю, быццам кожны куток дыхаў любоўю і клопатам, — падзялілася ўражаннямі культарганізатар пансіяната Людміла Вяршыла. — Нашы артысты вельмі стараліся, рэпертуар быў разнастайны. У зале перыядычна чуліся апладысменты. Сярод гледачоў былі і вельмі пажылыя людзі, і бацькі з дзецьмі. Гэта цёплая сустрэча нагадала ўсім пра важнасць бацькоўскай любові і падтрымкі.
У апошні дзень Тыдня бацькоўскай любові ў пансіянаце павіншавалі канцэртам супрацоўнікаў-татаў.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота Свірскага сацыяльнага пансіяната «Маяк»