Меню

Молодые специалисты пополнили учреждения охраны здоровья района

У медыкаў раёна чарговае папаўненне. Як працуецца маладым спецыялістам? З якімі цяжкасцямі сустрэліся? Што робіцца на месцах, каб моладзь асвойвала сакрэты прафесіі, набіралася вопыту і заставалася пасля адпрацоўкі? Гэта і паспрабавала высветліць.

Вызвалася мне дапамагчы загадчык паліклінікі УЗ «Мядзельская ЦРБ» Наталля Пабядзінская. Рабочы дзень блізіўся да завяршэння. Чэргаў ля кабінетаў не было, і я змагла спакойна пагутарыць з маладымі спецыялістамі. Першая субяседніца – урач-оталарынголаг Ірына Кароткая. Яна родам з Чараўкоў, жыла ў аграгарадку Нарач, вучылася ў Нарацкай СШ №1.

Ірына Кароткая

– Пасля 11 класа паступіла ў Маладзечанскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Закончыла яго і працавала патранажнай медсястрой у Нарацкай урачэбнай амбулаторыі. У свабодны ад работы час займалася ў рэпетытараў, бо вельмі хацела стаць урачом. Праз год паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Вучылася па мэтавым накіраванні, – расказвае малады спецыяліст. – Яшчэ студэнткай працавала ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Падабалася дапамагаць людзям. Тады і з’явілася жаданне быць хірургам. Аднак пры размеркаванні прапанавалі стаць ЛОРам. Пагадзілася і зараз аб гэтым не шкадую. Больш таго, палюбіла абраную прафесію і на іншую мяняць не збіраюся. Інтэрнатуру праходзіла ў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Самастойна працую з 1 жніўня.

Урач прызналася, што нагрузка вялікая. Іншы раз да 70-ці чалавек за дзень даводзіцца прымаць. Звяртаюцца на вадзіцельскую камісію, на медкамісію – да школы, у дзіцячы сад, а таксама хворыя. Усіх трэба абследаваць, пракансультаваць і даць рэкамендацыі, назначыць лячэнне. Але ёй падабаецца. Умовы працы – добрыя, атрымала некаторыя новыя медыцынскія інструменты.

– Прыходзяць на прыём з рознымі хваробамі. Найчасцей – з атытамі, сінусітамі, былі танзіліты вострыя і хранічныя, ангіны… Лячу пераважна кансерватыўным спосабам. Калі ж патрабуецца аператыўнае ўмяшанне, накіроўваю пацыентаў у міжраённы цэнтр у Маладзечна. Стараюся быць уважлівай да ўсіх. Спрабую знайсці падыход і да малых дзяцей, і да пажылых людзей, – апавядае Ірына Вячаславаўна. – Пры неабходнасці кансультуюся ў вопытных спецыялістаў. Звяртаюся і па месцы праходжання інтэрнатуры. Прыём вяду разам з медсястрой Ганнай Пашкевіч. Яна дапамагае дакументацыю афармляць, розныя маніпуляцыі праводзіць, сочыць і за стэрыльнасцю інструментаў. Вельмі ўдзячна Ганне Уладзіміраўне за падтрымку, дапамогу. І добрыя словы ад пацыентаў давялося ўжо чуць.

Дзіна Дзянісава – урач-неўролаг. Яна – мінчанка. Расказвае, што ўрачамі былі абедзве бабулі. Таму з дзяцінства марыла прадоўжыць іх справу. Месцам вучобы выбрала Гродзенскі медінстытут, бо вельмі падабаўся гэты горад і хацелася самастойнасці.

Дзіна Дзянісава

– Пра неўралогію стала задумвацца на чацвёртым курсе і ўсё больш сябе бачыла па гэтай спецыялізацыі. Вучылася на лячэбным факультэце па мэтавым накіраванні ад Мядзельскай ЦРБ. Сюды і на працу прыехала, – апавядае Дзіна Аляксандраўна. – Прынялі добра. Але адчуваецца, што шмат часу не было спецыяліста. Пацыентаў штодзень многа. Праблемы прыводзяць розныя. Каб дапамагчы хвораму, трэба быць уважлівай, ва ўсё ўнікаць. Але гэта і падабаецца. Стараюся цалкам аддаваць сябе рабоце. Пашанцавала з медсястрой. Люцыя Чаславаўна Рагіня – вельмі вопытны і адказны спецыяліст. Штодзённа адчуваю яе падтрымку і дапамогу.

Палатная медсястра педыятрычнага аддзялення Мядзельскай ЦРБ Анастасія Кірылавец таксама малады спецыяліст і ўраджэнка азёрнага краю. Яна са Стахоўцаў, закончыла Занарацкую СШ, а пасля Маладзечанскі медыцынскі каледж.

Анастасія Кірылавец

– Медыцына – гэта маё. У маленстве лячыла лялькі. Нездарма тата бачыў мяне толькі медыкам. І мне самой падабаўся пах лекаў, хацела дапамагаць людзям, – сцвярджае субяседніца. – Паступалі разам з аднакласніцай Анастасіяй Смаленскай. Мэтавага накіравання не бралі. Таму патрапілі на працу ў розныя месцы. Я вярнулася на Мядзельшчыну, а Насця працуе ў Мінску. Год назад заканчвала Маладзечанскі каледж таксама выпускніца Занарацкай СШ Ірына Семашчук. Працуе ў тэрапеўтычным аддзяленні Мядзельскай ЦРБ. Яна нам з Насцяй шмат расказвала пра вучобу, дзялілася першым працоўным вопытам.

Дзве дзяўчыны з групы Анастасіі таксама атрымалі накіраванне ў азёрны край. Юлія Яцына зараз – медсястра тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ, а Аляксандра Раманава – аддзялення рэанімацыі. Акрамя іх, яшчэ пяць выпускніц Маладзечанскага медкаледжа прыехалі па размеркаванні на Мядзельшчыну. Дзіяна Хадакоўская і Крысціна Ламанаускайце прызначаны загадчыкамі ФАПаў. Першая – Лацвянскага, другая – Пузыроўскага. Лізавета Кацер працуе акушэркай акушэрскага аддзялення ЦРБ. Карына Худая і Аіда Юмагужына накіраваны ў Свірскую ўчастковую бальніцу. Аіда – памочнікам урача, а Карына – медсястрой аддзялення сястрынскага догляду.

– Як працуецца? – пацікавілася ў Анастасіі.

– У педыятрычным аддзяленні ляжаць розныя дзеці. У тым ліку маленькія, нават немаўляты, якія знаходзяцца пераважна з матулямі. Вядома ж, спачатку было боязна. Потым паступова асвоілася, – пачула ў адказ. – У нас вельмі дружны калектыў. І старшая медсястра Алена Сяргееўна Жыхар заўсёды гатова дапамагчы, і іншыя медсёстры. Так што ўсё добра. І ў мяне, і ў іншых дзяўчат.

Вікторыя Кліпенштэйн,загадчык кадравага сектара УЗ «Мядзельская ЦРБ»:

– З мэтай амаладжэння кадравага складу значная работа праводзіцца адміністрацыяй ЦРБ сярод выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх медыцынскіх навучальных устаноў. Адзін са шляхоў вырашэння праблемы – мэтавая падрыхтоўка ўрачоў, іх памочнікаў, фельчараў, медыцынскіх сясцёр. Сёлета на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі заключылі 17 дагавораў з выпускнікамі школ. Аднак паступілі толькі восем. З іх шэсць – у вышэйшыя навучальныя медыцынскія ўстановы і два – у сярэднія спецыяльныя. У гэтым годзе працавалі не толькі з Маладзечанскім і Слуцкім медыцынскімі каледжамі, але і з Барысаўскім. Усе маладыя спецыялісты, якія прыбылі ў раён, забяспечаны працай. Жыллё яны ў асноўным здымаюць. За гэта атрымліваюць кампенсацыю ў памеры трох базавых велічынь. Для больш хуткай адаптацыі ў калектыве за кожным замацаваны больш вопытныя калегі. Яны і дапамагаюць пры неабходнасці. Яшчэ праблема – замацаванне кадраў. Так, з чатырох урачоў, якія закончылі сёлета тэрмін абавязковай адпрацоўкі, засталіся двое і з шасці чалавек сярэдняга медперсаналу – трое. Прычыны гэтага розныя. Адна з іх – звальненне па сямейных абставінах або пераезд бліжэй да дому.

Наталля Пабядзінская, загадчык паліклінікі УЗ «Мядзельская ЦРБ»:

– У паліклініцы доўгі час не было ўрача-неўролага, пастаяннага ўрача- оталарынголага. Не хапала і ўрачоў-тэрапеўтаў. Адсюль – чэргі пад кабінетамі, незадаволенасць пацыентаў. Зараз сітуацыя змянілася. Прыбылі названыя вышэй спецыялісты, а таксама ўрач-рэнтгенолаг. Працуюць крыху больш за месяц, аднак водгукі пра работу некаторых станоўчыя. Добра гавораць людзі пра ўрача-оталарынголага ІрынуКароткую. Што яна ўважлівая да дзяцей, дарослых. Умее выслухаць, даць рэкамендацыі па лячэнні. Не саромеецца пры неабходнасці параіцца з іншымі спецыялістамі. Нядрэнна адгукаюцца пацыенты і пра ўрача-неўролага Дзіну Дзянісаву. Вялікая нагрузка не палохае маладога спецыяліста, які з першых дзён самастойнай работы стараецца ва ўсё ўнікнуць. Спадзяюся, што прыжывуцца ў калектыве і змогуць сябе праявіць са станоўчага боку таксама ўрач-тэрапеўт Людміла Марозік і ўрач-рэнтгенолаг Таццяна Далінкевіч. А акушэркай акушэрскага кабінета паліклінікі працуе выпускніца Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Алена Башлова. Наколькі ведаю, адаптацыя ва ўсіх праходзіць нармальна, ніякіх праблем пакуль няма. Разам з тым, хачу запэўніць маладыя кадры, што па хвалюючых пытаннях могуць звяртацца да кіраўніцтва ўстановы аховы здароўя ці да мяне асабіста, а таксама да любога спецыяліста, кансультацыя якога патрабуецца. Кожны будзе выслуханы і ў выпадку неабходнасці атрымае дапамогу.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ

Прыбылі на працу пасля заканчэння сярэдніх спецыяльных і вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў чатыры ўрачы і дзевяць спецыялістаў сярэдняга звяна. Усе размеркаваны па лячэбных установах азёрнага краю.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59