Меню

Узнали, что и за сколько продают у трассы рядом с Шиковичами

Узнали, что и за сколько продают у трассы рядом с Шиковичами

У будны дзень нешматлюдна на месцы прыдарожнага гандлю, што побач з мінскай трасай ля вёскі Шыкавічы.

За прылаўкам толькі двое – жанчына і мужчына. Тавар аднолькавы – суніцы.

– Колькі каштуе? – пытаюся ў жанчыны.

– Паўлітровы слоік – 10 рублёў, літровае вядзерца – 20.

Знаёмімся.

Галя Забаронак, з Шыкавіч родам, – прадстаўляецца жанчына. – Некалькі год таму ўжо была ў газеце.

– Ці ёсць сёлета ў лесе ягад?

– Як тут сказаць? – задумваецца Галіна. – Каб сказаў, што многа-многа – не. Сёння з пяці да дзевяці гадзін тры літры сабрала.

– А як за дзень не прадасце? Што з ягадамі рабіць будзеце?

– Сабе замарожу на зіму. Гэта ж не журавіны і не брусніцы – хутка псуюцца. Трэба, каб дзень у дзень была рэалізацыя.

Адзіны сённяшні Галінін канкурэнт – Анатоль Каўрус з Брусоў.

– Так здалёку дабіраліся? – дзіўлюся.

– Збіраў-збіраў ягады і лесам прыйшоў, – адказвае. – А спецыяльна сюды дабірацца няма патрэбы: ля Брусоў таксама месца для гандлю абсталявана.

– А ў вас якая цана? – цікаўлюся.

– Такая самая: літровы слоік – 20 рублёў, паўлітровы – 10, шклянка – 5.

– Сумна вам тут сёння, – кажу Анатолю і Галіне. – У выхадныя, мусіць, болей людзей бывае?

– Прадаўцоў-то болей, – смяецца жанчына. – А пакупнікоў таксама мала. Але нічога, патроху купляюць. Каб не куплялі, мы б тут не стаялі.

Непадалёку прыпаркаваны легкавік. У адчыненым багажніку – скрынка з надпісам “Рыба”.

Віця, – прадстаўляецца гаспадар.

– Якая ў вас рыба?

– Гарачага вэнджання, на альховых дрывах. Гараць дровы, дым выходзіць праз вялікую трубу. Натурпрадукт! Амаль як дзяды вэндзілі. Нават лепш. Бо дзяды ў шафе для вэнджання знізу рабілі топку. На яе з рыбы капалі сок, тлушч – гэта не зусім добра.

Мужчына адчыняе скрынку.

– Вугор – 120 рублёў, – кажа. – Лешч – 25, лінь – 40, фарэль – 55. Акунь марскі – 40. Гэта ўсё цэны за кілаграм.

– Дзе бераце рыбу?

– Купляю марожаную ў магазінах, у фірмах. Усё з дакументамі, па тэхналогіі. Вэнджу сам у вёсцы.

– І ці добра прадаецца?

– Слаба ў параўнанне з пазамінулым годам. Летась ужо была прасадка па продажах. Сёлета – яшчэ горш.

– Але з гэтага можна жыць?

– Можна. Я самазаняты, за кошт гэтай рыбы і жыву. Зімой трачу тое, што за лета нагандляваў.

– Ці можна сфатаграфаваць вас ля скрынкі з рыбай?

– Гэта не проста скрынка, а халадзільнік: тут 20 кілаграмаў лёду, – мужчына дэманструе на дне пластыкавыя кантэйнеры. – Рыбу фатаграфуйце, а мяне нашто? Звычайны чалавек.

Наталля ЛІСІЦКАЯ Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59