Скоро сентябрь. Есть ли в продаже канцтовары для школьников?
Яшчэ не закупіліся канцтаварамі для школьнікаў? Даведаемся, ці ёсць у вас шанцы зрабіць гэта ў бліжэйшыя дні.
Адразу зазірнем у найбліжэйшую да рэдакцыі “Капеечку”. Тавары для школы займаюць там ладную вітрыну.
Мае назіранні пацвярджае дырэктар магазіна Таццяна Карасцялёва:
— Напружанай сітуацыі не было і няма. У продажы ёсць дзённікі новага ўзору, тонкія вучнёўскі сшыткі, агульныя і паўагульныя, канцылярскія наборы для дзетак, вокладкі, алоўкі, фламастары – усяго ў дастатковай колькасці. Завоз праз кожныя два дні, таму калі нешта разбіраюць, нашы тавараведы робяць дадатковы заказ. Асаблівай хутка раскупляюцца сшыткі. Тавары ёсць на розны кашалёк. Самы танны каштуе 11 капеек. Маем у продажы і даражэйшыя аналагі. Калі людзі папросяць нешта давезці – робім дадатковую заяўку.
…Ля ўваходу ў магазін “Кнігі” да сцяны прымацавана паведамленне пра зніжкі на сшыткі.
Заходжу.
Ля паліц сустракаю дзвюх дзяўчынак-падлеткаў. У адной у руках некалькі паўагульных сшыткаў.
Знаёмімся. Вікторыя жыве ў Мядзеле, гімназістка. Паліна прыехала ў наш райцэнтр у госці.
— Да школы ўжо амаль усё набылі, – расказвае Вікторыя. – Сёння купляю паўагульныя сшыткі: спатрэбяцца на некаторыя прадметы.
Падыходжу да касы. Там жанчына разлічваецца за атлас па геаграфіі для 6 класа.
Калі яна сыходзіць, пытаюся ў загадчыцы магазіна Алесі Дзікай:
— Шмат зараз пакупнікоў?
— Цяпер паменела, – адказвае. – А да абеда людзі сцяной стаялі. Купляюць сшыткі па прадметах на друкаванай аснове – большасць з іх ўжо выйшла. Людзі набываюць канцылярыю дзеткам для школы і дзіцячага садка. У нас вельмі шырокі асартымент.
— І які сярэдні чэк?
— Рублёў 60.
— Гэта з фарбамі-пластылінамі?
— Калі і фарбы розныя браць, і пластылін, і фламастары, і алоўкі, і альбомы, пад 100 рублёў атрымаецца. У 50-55 можна ўкласціся, калі выбіраць самы бюджэтны варыянт – наборы па шэсць алоўкаў, шэсць колераў гуашы, шэсць акварэлі і гэтак далей.
У краме “Тры цаны” пад канцылярыю адведзены дзве вітрыны: адна насупраць уваходу, другая далей у зале. Ля далейшай сустракаю мядзельскіх сямікласніц Аліну і Мілену. Дзяўчаты расказваюць, што амаль усё да школы ўжо набыта. Купляць адзенне і абутак ездзілі ў Мінск і Маладзечна. А канцылярыі і ў Мядзеле хапае, зайшлі тое-сёе дакупіць.
Справядлівасці дзеля, дзённікаў у гэтай краме няма. А вось сшыткаў хапае – і тонкіх вучнёўскіх, і агульных, і паўагульных. Ёсць і таннейшыя, і даражэйшыя.
Пеналаў, ручак, алаўкаў, альбомаў для малявання, алоўкаў, фламастараў вялікі выбар – вочы разбягаюцца ад разнастайнасці.
— У нашым дзяцінстве столькі ўсяго не было, – быццам чытае мае думкі прадавец Святлана (ва ўсялякім разе, так у яе напісана на бэйджы), зноў наводзячы на паліцах парушаны пакупнікамі ідэальны парадак.
…Якая выснова? Нават калі вы пакінулі набыццё сшыткаў-дзённікаў-ручак-пеналаў на апошнія перадшкольныя дні, не хвалюйцеся: усяго гэтага ў продажы хапае.
Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара