Работники статистики отмечают свой профессиональный праздник
Сёння работнікі аддзела статыстыкі Мядзельскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці адзначаюць сваё прафесійнае свята. З гэтай нагоды гутару з галоўным спецыялістам аддзела Галінай Красавай – пра штодзённыя справы, калектыў.
У гэтым годзе будзе ўжо дзесяць гадоў як Галіна Пятроўна працуе ў сістэме органаў статыстыкі. Да гэтага займала не менш адказныя пасады ў падатковай інспекцыі, Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Жанчыне давялося памяняць месца працы пасля дэкрэтнага адпачынку па сямейных абставінах.
– Калі прыйшла ў аддзел статыстыкі, калектыў быў намнога большы, чым цяпер. Зараз толькі пяць чалавек засталося, – апавядае Галіна Красава. – Усе работнікі вопытныя, адказныя, кампетэнтныя. Атмасфера на працы – добразычлівая. Працуем у добрых умовах, забяспечаны сучаснай тэхнікай. Так што адчуваем сябе камфортна.
Шмат добрых слоў расказала Галіна Пятроўна пра начальніка аддзела статыстыкі Леаніда Сцяпанавіча Берняковіча, які ўмела накіроўвае калектыў на выкананне пастаўленых задач, клапоціцца пра ўсіх, за кожнага перажывае. Па яе меркаванні, у асобе кіраўніка вельмі ўдала спалучаюцца такія якасці характару, як прынцыповасць, строгасць і разам з тым шчырасць, дабрыня. З павагай адгукалася пра намесніка начальніка Валянціну Васільеўну Пацкевіч, якая з’яўляецца старажылам органаў статыстыкі. Працуе ў гэтай сістэме з сакавіка 2007 года. А са студзеня 2014-га – намеснікам начальніка аддзела.
У кампетэнцыі органаў статыстыкі цяпер таксама правядзенне абследавання дамашніх гаспадарак. Гэта адказная задача даручана спецыялістам па абследаванні Веры Юр’еўне Купрэвіч і Таццяне Пятроўне Хадановіч.
Сама ж мая суразмоўца прымае справаздачы ад прадпрыемстваў, гаспадарак. Таму мае пераважна справу з бухгалтарамі. Апрацоўвае атрыманыя даныя, аналізуе, абагульняе і адпраўляе на абласны ўзровень. Дае і неабходныя кансультацыі.
– Зараз наша работа амаль на 100% кам’ютарызавана. Не прымаем больш папяровых справаздач, як некалі. Яны паступаюць у электронным выглядзе. Дзякуючы спецыяльным праграмам уся неабходная інфармацыя накапляецца і ўтрымліваецца, – зазначае Галіна Пятроўна. – Здараецца, што многіх спецыялістаў, з якімі гадамі маем справу, і ў твар не ведаем, а адрозніваем па голасе, які чуем па тэлефоне падчас размовы, калі ўдакладняем атрыманыя звесткі.
Даведалася таксама, што Галіне Красавай вельмі падабаецца работа, якой займаецца. Бо даводзіцца мець справу і з лічбамі, і з людзьмі. Па яе перакананні, кожная справаздача, вядома, калі яе разумееш, можа расказаць іншы раз больш, чым скупыя словы. Па сутнасці ў ёй зашыфравана жыццё канкрэтнага калектыву, за якім стаяць людзі і іх справы. А гэта сапраўды цікава!
Марыя Лубнеўская
Фота аўтара