Меню

Папа может всё! Рассказываем про папу, который один растит троих детей

«Папа может, папа может быть кем угодно, только мамой, только мамой не может быть», – спяваецца ў дзіцячай песеньцы. Не паспрачаешся: матулю замяніць немагчыма. Але сёння я раскажу пра тату, які адзін гадуе траіх дзяцей. Гэта вам не «плавать брасом, спорить басом, дрова рубить».

ПЕРАДГІСТОРЫЯ

Маладыя спецыялісты пазнаёміліся ва УП «Джэнцікантрактлізінг» – так называлася гаспадарка з цэнтрам у Старых Габах. Туды мядзяльчаніна Уладзіміра Амельяновіча пасля заканчэння БДАТУ накіравалі галоўным інжынерам, а мясцовую ўраджэнку Таццяну Леановіч пасля каледжа – бухгалтарам. Сустрэчы, вяселле, новы службовы дом па вуліцы Юбілейнай у Старых Габах, наражэнне дачушкі Маргарыты… Потым на свет з’явілася Паліна, яшчэ праз два гады – Мацвей. З сельгаспрадпрыемства, існаванне якога ў якасці самастойнага суб’екта блізілася да завяршэння, Уладзімір перайшоў у Мядзельскую жыллёва-камунальную гаспадарку. Пачалі будаваць сабе дом на вуліцы Алега Бычка ў райцэнтры. Узялі крэдыт, на пагашэнне якога дзяржава дала ім субсідыю як шматдзетнай сям’і. Праект выбралі маштабны, не разлічвалі выключна на крэдытныя грошы. Маўляў, не адразу і Масква будавалася. Вочы баяцца, а рукі робяць.

Ды толькі ў маладую сям’ю Амельяновічаў прыйшла бяда. Цяжка захварэла і хутка памерла Таццяна. Маргарыта тады вучылася ў 4-м класе, а Паліна хадзіла ў дзіцячы садок. Мацвею споўнілася тры гады.

ТЫ НЕ АДЗІН

Вельмі дапагала цешча, Рамуальда Вацлаваўна, якая жыла ў Старых Габах на той жа вуліцы. Маладая пенсіянерка адразу звольнілася з працы. Штодня хадзіла на могілкі да дачкі і глядзела ўнукаў. Уладзімір мог зранку ехаць у курортны пасёлак (ён працуе механікам участка «Нарач» у жыллёва-камунальнай гаспадарцы) і быць упэўненым, што бабуля паклапоціцца пра малых.

– І ў выхадныя, бывала, з’язджаў на цэлы дзень будаваць дом, – расказвае. – Вярнуся позна – дзеці дагледжаны, у хаце прыбрана, есці наварана. Ва ўсім дапамагалі таксама тата і цесць (маёй мамы не стала раней). Летась ад цяжкай хваробы памерла і цешча.

Ёсць падтрымка і ад дзяржавы. І гэта не толькі грашовая дапамога па страце кармільца. Пакуль старэйшай дачцэ не споўнілася 16 гадоў, ва Уладзіміра раз на тыдзень быў дадатковы выхадны з захаваннем заработнай платы. На працы да гэтай сітуацыі паставіліся з разуменнем.

НОВЫ ДОМ, ІНШАЯ ШКОЛА

Будаўніцтва заняло сем гадоў. У новым доме тры спальні, прасторныя гасцёўня і кухня. Ёсць усе выгоды, падведзены газ. Зроблены сучасны рамонт, з густам падабрана мэбля. Паўсюдна – ідэальная чысціня. У двары пабудаваны гараж, выкапана сажалка, усталявана цяпліца. Нядаўна ад вуліцы паставілі агароджу. Вельмі многае Уладзімір зрабіў сам, не наймаў спецыялістаў. Напрыклад, паслаў ламінат, часткова паклаў керамічную плітку. А шпалеры, кажа, яму нават падабаецца клеіць: пакой на вачах робіцца ўтульным. Праўда, рабіць гэта лепш аднаму. Бо вазьмі каго ў памочнікі – абавязкова пасварышся.

Амельяновічы пераехалі ў Мядзел летась. Але яшчэ год дзеці дабіраліся школьным аўтобусам у Старагабскую СШ: Маргарыта не хацела ў 11-м класе мяняць установу адукацыі. Цяпер яна першакурсніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, асвойвае спецыяльнасць «лясная гаспадарка».

А васьмікласніца Паліна і шасцікласнік Мацвей пайшлі ў Мядзельскую СШ №2: усё ж дарога ў Старыя Габы і назад забірала шмат часу. У гарадской школе, якую ў свой час скончыў тата, падлеткі хутка асвоіліся, знайшлі сяброў. Хоць змены, пагадзіцеся, радыкальныя: у ранейшым Палініным класе былі тры вучні, а ў цяперашнім – 23. У Мацвея летась быў адзін аднакласнік, а сёлета – 15.

УРОКІ САМІ СЯБЕ НЕ ЗРОБЯЦЬ

– Як уладкаваны ваш побыт? – пытаюся ва Уладзіміра.

– У рабочыя дні зранку снедаем, збіраемся хто ў школу, хто на працу. Пасля школы дзеці гарадскім аўтобусам прызджаюць дадому. Самі робяць урокі. Вечарам сустракаемся, правяраю дамашнія заданні, калі трэба – дапамагаю. Разам вячэраем, ёсць час – ідзём гуляць. Па вуліцы з сабакам, напрыклад.

– Наш Бім прывучаны да павадка, – далучаецца да размовы Паліна. – Ён зусім не злы, сябруе з катамі, а іншых сабак баіцца. Кошка таксама добрая. Прыйдзе ў хату – да кожнага ў пакой зойдзе, павітаецца. І са стала нічога сама не возьме – папросіць.

– А есці хто ў вашай сям’і варыць? – пытаюся.

– Я, – адказвае Уладзімір.

– Што найлепш у таты атрымліваецца? – звяртаюся да дзяцей.

– Усё! – кажа Мацвей. – Тата смачна гатуе.

– А вы яму ці дапамагаеце па гаспадарцы?

– Вядома, – кажуць. – У хаце прыбіраем па суботах і посуд мыем.

– У двары таксама дапамагаюць, – дадае бацька. – Напрыклад, скашу траву – саграбуць.

– Ведаю, што Маргарыта ўдзельнічала ў вучнёўскіх навукова-практычных канферэнцыях, праводзіла экскурсіі ў школьным музеі. А вы чым захапляецеся? – пытаюся ў дзяцей.

– Я малюю карціны па нумарах, алмазнай мазаікай займаюся, – кажа Паліна. – Ляпіць падабаецца, маляваць. А Мацвей любіць з цацачнымі трактарамі пагуляць. Градку кукурузы сёлета сабе пасадзіў – сам палоў, паліваў. Рыбу ловіць – далёка хадзіць не трэба, у сваёй сажалцы карасі плаваюць.

– Выхадныя як праводзіце?

– З дзядулямі сустракаемся, – кажуць дзеці. – Дзед Вова сам у нас амаль штодня бывае, а да дзеда Віці часцей мы ездзім. Зімой з горкі катаемся. У нас відэа ёсць, як тата на лядзянцы з’язджае – можам паказаць.

– Яшчэ, бывае, ездзім куды-небудзь, – кажа Уладзімір. – З апошняга – у цэнтры экалагічнага турызму «Станькава» былі, у Дудутках. Ну а зараз праз выхадныя абавязкова трэба ўсім дома быць, бо Маргарыта з вучобы прыязджае.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіву АМЕЛЬЯНОВІЧАЎ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59