Да новай сустрэчы налета! Як прайшло свята вёскі ў Альхоўцы
У адну з субот нязвыкла шматлюдна было ў Альхоўцы. У вёсачцы, жыхароў якой на пальцах адной рукі пералічыць можна, на свята сабралася каля 50-ці чалавек.
Музычнае прывітанне найперш паляцела да старэйшых жыхароў – Юзэфы Чантарыцкай, Марыі Красніцкай, Наталлі Назаравай, Рамуальда Сяліцкага. Уручылі ім падарункі ад раённай арганізацыя РГА «Белая Русь».
Свята праводзілася пасля Дня паветрана-дэсантных войскаў. То зроблены дзіцячымі рукамі падарунак атрымаў воін-інтэрнацыяналіст і дэсантнік Аляксандр Сіняўскі – ён зараз жыве ў Мінску.
– Падабралі рэпертуар такі, каб спадабаўся старэйшым людзям. То яны і падпявалі, і танцавалі, – расказала загадчык Будслаўскага СДК Алена Грышкевіч. – Спявалі нашы ўдзельнікі самадзейнасці. Як юныя – Вера Лагутка, Антаніна Жук, Ганна Кананок, так і дарослыя – Валерый Драгун, Людміла Янкоўская. Марына Муравіцкая, Ігар Грышкевіч і іншыя. Таксама дарылі песні вядучыя – Крысціна Яфімовіч і Марыя Пянткоўская. Варта асобна падзякаваць Галіне Макарэвіч – жыхарцы Крывічоў, якая нарадзілася ў Альхоўцы. Яна паклапацілася пра тое, каб арганізаваць свята: тэлефанавала, запрашала землякоў.
А сама Галіна Макарэвіч (дзявочае прозвішча – Лубнеўская) падзялілася:
– Чулі пра такія мерапрыемствы і вырашылі паспрабаваць правесці і ў нас. Часу на падрыхтоўку было ўсяго два тыдні. Вельмі перажывала, як атрымаецца. Але мяркуючы па водгуках прысутных, усё прайшло выдатна. Чатыры чалавекі пастаянна жывуць у вёсцы – а сабралася прыкладна 50. Калі б жылі нашы бацькі, яны б парадаваліся святу, за нас, за сваіх дзяцей і ўнукаў! Яны будуць вечна жыць у нашых сэрцах, у нашай памяці. Само свята ўпрыгожылі культработнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Без іх удзелу нам было б сумнавата – вялікі дзякуй ім! Яшчэ хочацца звярнуцца да землякоў. Давайце застанёмся такімі, якія мы ёсць: добрымі, з вялікай працавітасцю, павагай да сябе і блізкіх. Цяпер здаецца, што ўсе мы сваякі. Трэба збірацца часцей. І хай гэта свята пакладзе пачатак традыцыі: сустракацца ў першую суботу жніўня і абавязкова з добрымі ўспамінамі, песнямі, музыкай і танцамі. Хай будуць усе шчаслівыя і жывуць доўга-доўга. Да новай сустрэчы ў 2025 годзе ў нашай маленькай вёсачцы з вядомай назвай Альхоўка!
Аляксандр ВЫСОЦКІ
Фота Будслаўскага СДК