У Нарачы спаборнічалі каратысты
Японская культура перастае быць экзотыкай ў нашых шыротах. І гэта я не пра любаванне цвіценнем сакуры ў “Аптэкарскім садзе”. Не паверыце: у Нарацкай сярэдняй школе №2 адбыўся фестываль усходніх адзінаборстваў.
Арганізатар – кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Каратэ” Часлаў Вярбіцкі. Спаборнічалі ўдзельнікі гэтага аб’яднання — вучні 2-4 класаў. Галоўным суддзёй быў старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ Сяргей Снегіроў – між іншым, уладальнік 3 дана па шатакан каратэ. Ганаровыя госці – неаднаразовыя пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных турніраў па каратэ Іван Прыстаўка і Кацярына Сарока, а таксама трэнер па каратэ і ўсходніх адзінаборствах Кацярына Ігнатовіч.
– Такое мерапрыемства ў курортным пасёлку Нарач ладзіцца ўпершыню, – сказала падчас цырымоніі адкрыцця Кацярына Ігнатовіч. – Для нас гонар і вялікая адказнасць удзельнічаць у яго арганiзацыi. Хочацца падзякаваць за працу Чаславу Станіслававічу Вярбіцкаму. Яго ініцыятыва, адданасць справе і любоў да яе зрабілі магчымым выхад адзінаборстваў на новы ўзровень у Нарачанскім краі.
Вынікі спаборніцтва юных каратыстаў такія. У катэгорыі “Ката” (фармалізаваная паслядоўнасць рухаў) сярод дзетак 7-8 год на першым месцы Аліна Козырава, на другім Дар’я Зарэцкая, на трэцім Ульяна Уцюгова. Сярод 9-10-гадовых на першай прыступцы п’едэсталу Мілена Кос, на другой – Кірыл Казура, на трэцяй – Цімафей Бандарык. У катэгорыі “Кумітэ” (трэніровачныя падынкі) сярод малодшых удзельнікаў таксама перамагла Аліна Козырава, на наступных пазіцыях Кірыл Вінаградаў і Іван Пятрунiн. А сярод 9-10-гадовых найлепш выступіў Цімафей Бандарык, на другім месцы Мілена Кос, на трэцім – Кірыл Казура. У “Сумо” (выштурхванне за межы пляцоўкі) сярод дзяўчынак перамагла Мілена Кос, наступныя прытупкі п’едэстала занялі адпаведна Ульяна Уцюгова і Дар’я Зарэцкая. Сярод малодшых хлопчыкаў найлепшым стаў Кірыл Вінаградаў, другое месца ў Платона Галькевіча, трэцяе – у Мікалая Рыжага. А сярод старэйшых перамогу святкаваў Назар Каралёнак, на наступных пазіцыях Кірыл Казура і Арцём Іваноў.
Наталля ЛІСІЦКАЯ Фота забяспечана Кацярынай ІГНАТОВІЧ