Новый магазин работает в Будславе
Крама ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» пачала працаваць у аграгарадку Будслаў з 2 ліпеня. За гэты параўнальна невялікі адрэзак часу тут ужо займелі сваіх пастаянных пакупнікоў.
Падчас Будслаўскага фэсту давялося пабываць у новым магазіне. Яшчэ з парога заўважыла, як ветліва, з веданнем справы, работнікі прылаўка Валянціна Канопская і Вольга Кушнер абслугоўвалі пакупнікоў. А іх у той дзень было вельмі шмат. Гэта і не дзіўна, бо велічная ўрачыстасць, прысвечаная ўшанаванню цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у мясцовай святыні, збірае ў аграгарадку тысячы людзей з усіх куткоў Беларусі.
Прадаўцы хуценька падавалі тавар, тактоўна цікавіліся, што яшчэ наведвальнікі хацелі б набыць. Адчувалася прыязнасць, добразычлівасць, як з боку адных, так і другіх.
Новая крама размяшчаецца ў памяшканні былога магазіна «Родны кут». І розных тавараў там удосталь. Разнастайны асартымент мясной, малочнай прадукцыі, хлебабулачных вырабаў, круп, макароны. Ёсць кансервы, сокі, напоі, садавіна, пячэнне, цукеркі, шакаладкі, марожанае… Прадстаўлена і нехарчовая група тавараў.
– Памяшканне не наша. Узялі ў арэнду. Што датычыць абсталявання, то яно практычна ўсё новае. Адчыняліся ў вельмі кароткі тэрмін. Для людзей жа стараліся, – расказвае вядучы спецыяліст па арганізацыі закупак Юрый Сяліцкі. – У магазіне шырока прадстаўлены мясныя вырабы Гродзенскага, Брэсцкага, Слуцкага, Бярозаўскага мясакамбінатаў. Ёсць дамоўленасць і з прадпрыемствам са Слоніма. «Малочка» паступае з Мінскага малочнага завода №1, з Гродна, Слуцка, Пастаў… Больш разнастайным будзе надалей і асартымент нехарчовай групы тавараў. Мы працуем напрамую з вытворцамі. Таму прадукцыя ўся свежая, якасная. Ды і цэны прымальныя. У гэтыя дні магазін працуе без абеду і выхадных. А далей работа крамы будзе арганізавана па графіку.
– З вамі побач прыватны магазін. Не баіцеся канкурэнцыі?
– Ніколькі. Наадварот, лічу, што ў гандлі канкурэнцыя павінна прысутнічаць. Але яна павінна быць здаровай, – адказвае Юрый Іосіфавіч. – Гэта зараз у нас шматлюдна. Фэст жа ў Будславе! Пройдзе ён, значна паменее і наведвальнікаў. Імі застануцца пераважна мясцовыя жыхары. На іх абслугоўванне, дарэчы, і разлічаны магазін.
Прадаўцы, па ўсім бачна, старанныя, добрасумленныя. Абедзьве з вопытам работы. Перайшлі ў новую краму з «Роднага кута», дзе дагэтуль працавалі.
– Стараемся быць уважлівымі, добразычлівымі з наведвальнікамі. У нашай сферы па-іншаму нельга, – тлумачыць Валянціна Канопская. – Сапраўды, каб працаваць вынікова, мець пастаянна выручку, асабліва ва ўмовах канкурэнцыі, патрэбна знайсці сваіх патэнцыяльных пакупнікоў і захаваць іх. Калі прадаўцы будуць чэрствыя, грубыя, ні нават ніжэйшыя цэны на тавары, ні шырокі асартымент прадукцыі не дапамогуць. Таму працуем па прынцыпу: «Будзь уважлівым, адносся да ўсіх прыязна, з душой – тое ж самае і назад атрымаеш».
Пра краму ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» расказвае мясцовая жыхарка Галіна Аксючыц:
– Мне спадабаўся новы магазін. Заўважыла, што і не мне адной. Многа хто з мясцовых жыхароў туды заходзіць і шмат што купляе. Задавальняе абстаноўка, якая там створана. Хапае тавараў і цэны на іх нармальныя. Прадукцыя свежая, смачная. Прадстаўлена рознымі вытворцамі. І прадаўцы працуюць уважлівыя, харошыя. Да іх хочацца заходзіць.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА