Меню

У Мядзеле пачалася фотавыстава партрэтаў літаратараў Мінскай вобласці

У Мядзеле пачалася фотавыстава партрэтаў  літаратараў Мінскай вобласці

У Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка адбылася прэзентацыя фотавыставы партрэтаў сучасных літаратараў Мінскай вобласці. Называецца яна «У аб’ектыве – пісьменнікі Міншчыны».

Аўтар выставы – наш зямляк, паэт і фатограф Рагнед Малахоўскі.

Гісторыя стварэння праекта

Ідэя стварыць галерэю партрэтаў сваіх калег па пяры з’явілася ў аўтара як працяг папярэдніх праектаў і шматгадовай працы. Як расказаў Рагнед Малахоўскі, выставе папярэднічаў доўгі творчы шлях і шматлікія сустрэчы:

– Так атрымалася, што я прыйшоў у літаратуру, стаў пісаць вершы ўжо 20 гадоў таму, і меў магчымасць знаёміцца з рознымі пісьменнікамі, класікамі (якіх сёння ўжо многіх няма ў жывых) і сучаснікамі. Было шмат сустрэч, шмат паездак, і многа дзе фатаграфаваў. Люблю фатаграфаваць і пейзажы, і людзей.

У мяне ў Мінску былі фотавыставы, прысвечаныя прыгажосці менавіта нарачанскага краю. Але пасля з’явілася думка: а чаму б не зрабіць фотавыставу сучасных пісьменнікаў ? І ў мінулым годзе, цэлы год у Музеі гісторыі беларускай літаратуры выстаўляліся партрэты сучасных пісьменнікаў Беларусі. Называлася яна «Адвечная аповесць пакаленняў».

Працуючы ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў, падумаў, чаму б мне не звярнуць увагу на пісьменнікаў менавіта Мінскай вобласці, членаў таго аддзялення, дзе працую? І адабраў 20 фотапартрэтаў з жыцця. Людзі спецыяльна не рыхтаваліся да фотасесіі: некага здымаў на выступленнях, некага – у бібліятэцы.

Фота землякоў

Сярод прадстаўленых работ можна ўбачыць і землякоў-літаратараў. Напрыклад, партрэт Аляксандра Быкава быў зроблены ў Вязынцы падчас штогадовага Купалаўскага свята, а здымак Паўла Жукава – у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна на прэзентацыі кнігі «Званоў перазвон», прысвечанай Хатынскай трагедыі і спаленым вёскам Міншчыны.

На прэзентацыі аўтар расказаў пра кожнага прадстаўленага на выставе пісьменніка, пра свой шлях у паэзію. Адказаў на пытанні слухачоў і прачытаў свае вершы.

Экспазіцыя будзе даступная для наведвальнікаў бібліятэкі па 30 чэрвеня.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59