Меню

Алена Баравік выхоўвала падлеткаў, а зараз выдае кнігі

Дзень работнікаў культуры стаў для Алены БАРАВІК прафесійным святам параўнальна нядаўна: бібліятэкарам яна працуе толькі 8 год. А да гэтага 26 была выхавальнікам у Свірскім прафтэхвучылішчы.

Па адукацыі Алена Пятроўна – майстар вытворчага навучання, скончыла Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Але навучала моладзь электрыфікацыі сельскай гаспадаркі хіба што студэнткай падчас практыкі. Бо калі прыехала на працу ў Свірскае СПТВ (муж, з якім разам вучыліся ў тэхнікуме, быў з гэтай мясцовасці), дырэктар прапанаваў пасаду выхавальніка ў інтэрнаце. На якой і працавала ўвесь час існавання ў Камарове прафесійна-тэхнічнай навучальнай установы.

– Родам я з Мікашэвічаў Брэскай вобласці – з вялікага па тым часе гарадскога пасёлка, зараз ён стаў горадам, – расказвае Алена Пятроўна. – А Камарова – вёска, ціхая і спакойная. Што адразу спадабалася, бо я чалавек не дужа публічны, не люблю вялікіх натоўпаў. І праца выхавальніка мне падышла, гэта было сапраўды маё. Справу мела з падлеткамі, сярод якіх былі і з няпростымі лёсамі, з праблемных сем’яў. Паразуменне з імі знаходзіла, нават праз столькі год мяне пазнаюць і памятаюць.

Калі прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова ў Камарове спыніла існаванне, яе былыя работнікі мусілі шукаць працу.

– Бібліятэкарам тут тады была Марыя Іванаўна Анішчанка, – прыгадвае Алена Пятроўна. – Яна, сыходзячы на пенсію, параіла мяне на сваё месца. І дапамагла асвоіцца ў новай справе – вельмі ўдзячна ёй за гэта. Дзякуй за пастанную падтрымку таксама нашаму метадычнаму кабінету і асабіста дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяне Ананьеўне Нырцовай. Шчырыя, адкрытыя, добрыя людзі, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Такіх не часта сустрэнеш, я ім і ў вочы пра гэта казала. Добра супрацоўнічаем з культарганізатарам Ларысай Аляксандраўнай Рабянок, разам праводзім мерапрыемствы.

… Алена Баравік прызнаецца, што па першым часе ёй вельмі не ставала штодзённых зносін з падлеткамі, ды і зараз сумна глядзець на апусцелы інтэрнат. Але новая справа таксама цікавая і разнастайная, не зводзіцца толькі да выдачы кніг. Ды і зносін тут хапае: у бібліятэку прыходзяць людзі розных узростаў.

Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59