Меню

Дружные Михневичи. Рассказываем о семье из Мяделя

Сям’я Міхневічаў шматдзетная. Аксана з Аляксеем выхоўваюць двух хлопчыкаў і дзяўчынку, акружаюць іх пяшчотай і любоўю. І без іх не ўяўляюць сёння свайго жыцця.

Нарадзілася сям’я

Аксана і Аляксей родам з Пастаў. Там жывуць бацькі, сваякі. Пазнаёміліся на сваёй малой радзіме, калі Аляксей прыйшоў у водпуск з арміі. Дзяўчыне адразу прыглянуўся статны хлопец у ваеннай форме. Акуратны, ветлівы. Ды і яна спадабалася юнаку. Пачалі сустракацца. А дзесьці месяцы праз тры хлопец зрабіў каханай прапанову стаць яго жонкай. Яна пагадзілася, бо ўжо не ўяўляла без Аляксея свайго жыцця. Праз год пара пажанілася.

— У кожнага чалавека ёсць свая палавінка. Трэба яе толькі знайсці, — лічыць жанчына. — Я сваю адшукала. Са мной побач любячы, надзейны мужчына, клапатлівы бацька для нашых дзяцей. Што можа быць лепш.

Прыезд у Мядзел

Аляксей нёс службу ў войсках Міністэрства ўнутраных спраў. Яму пасля дэмабілізацыі прапанавалі звязаць свой лёс з міліцыяй. Атрымаў накіраванне на Мядзел. Так маладая сям’я тут і апынулася.

— Адразу думалі, што прыехалі часова. Хацелі вярнуцца дадому ў Паставы, бліжэй да бацькоў. Але атрымалася так, што засталіся тут надоўга, — распавядае Аксана. — Я працавала настаўнікам англійскай мовы ў гімназіі. Аляксей дагэтуль нясе службу ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Работа абаім падабалася. Па душы прыйшоўся і Мядзел, і мясцовыя краявіды. Параіліся з бацькамі і вырашылі пачаць будаваць уласны дом тут.

Сваё ўтульнае гняздзечка

Маладой сям’і выдзелілі ўчастак у раёне Баклаёў. Цяпер там вуліца Дружная. І ўзяліся за справу. Аксана Іванаўна расказвае, што дом яны пабудавалі за чатыры гады. Усе работы выконвалі ў асноўным самі. Вядома, дапамагалі, чым маглі, бацькі. І толькі ў асобных выпадках звярталіся да спецыялістаў. Перабраліся канчаткова ва ўласнае жытло, калі старэйшаму сыну споўнілася пяць гадоў. Дом двухпавярховы, прасторны. Усім хапае месца, добра, утульна. Вялікая дагледжаная дваровая тэрыторыя. Пабудаваны лазня, альтанка.

— Некалі трымалі в’етнамскіх свіней, пазней трусоў. Цяпер засталіся толькі куры, — працягвае гаспадыня. — Ёсць цяпліца, садзім агарод. За парадкам на тэрыторыі сочыць муж. А на мне — агарод, закруткі на зіму. Люблю вырошчваць кветкі. Гэта ў нас сямейнае. Любоў да кветак перадалася ад матулі. Даглядаю іх з дачушкай. Толькі руж у нас каля 20 кустоў.

Любячы муж

Паводле слоў жонкі, з Аляксея атрымаўся цудоўны муж — любячы, гаспадарлівы. Сам шчыры, руплівы, і хлопчыкаў з маленства прывучае да працы. Разам абкошваюць тэрыторыю. Будавалі сумесна на двары альтанку, агароджу ўстанаўлівалі.

— Калі трымалі жыўнасць, муж браў на сябе клопат аб ёй. Дапамагае мне і з дзецьмі ўпраўляцца. Любіць з імі займацца. Ды і яны туляцца да яго. Хлопчыкі стараюцца ва ўсім быць падобнымі на тату. Многае робім разам. Вось і на сёлетнюю школьную лінейку рыхтаваліся дружна ўсе. У мужа было вельмі адказнае даручэнне — прасаваў хлапчукам стрэлкі на штанах. Калі б не Аляксей, нават не ведаю, ці справілася б адна з усімі дамашнімі клопатамі. А так надзейнае мужчынскае плячо падтрымлівае. За мужам я як за каменнай сцяной. Вельмі ўдзячная бацькам Аляксея, што выхавалі сапраўднага мужчыну.

Усе дзеці ў Міхневічаў нарадзіліся ў райцэнтры. Яны розныя, аднак адно аднаго ў крыўду не дадуць. Кожны пастаіць не толькі за сябе, але і за іншага.

Традыцыі, каштоўнасці

— У нас сям’я асацыіруецца з бацькамі. Стараемся іх не забываць. На галоўныя рэлігійныя святы — на Нараджэнне Хрыстова і Вялікдзень — ездзім абавязкова да іх у Паставы. Гэта для нас святое. Разам з мужам прывіваем дзецям дабрыню, чалавечнасць, ветлівасць.

Днём усе заняты сваімі справамі: хто вучыцца, хто працуе. А вечарам Міхневічы збіраюцца разам за сталом на вячэру. Гэта таксама традыцыя. Абмяркоўваюць зробленае за дзень, будуюць планы. Па магчымасці праводзяць разам і выхадныя. З раніцы па нядзелях, як і большасць вернікаў, наведваюць службу ў касцёле. Пасля або п’юць чай у альтанцы, або выязджаюць на пікнік. Гэтым летам хадзілі ў двухдзённы паход з палаткамі. Дзецям вельмі спадабалася. Паводле меркавання бацькоў, сумесны адпачынак згуртоўвае сям’ю, вучыць калектывізму.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота з сямейнага архіва Міхневічаў

Цалкам чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 12.10

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59