70 лет сегодня исполнилось слесарю водоканала Ивану Спеглянину
70 год адзначае сёння слесар аварыйна-аднаўленчых работ Мядзельскага ўчастка Вілейскага водаканала Іван СПЕГЛЯНІН.
— Іван Станіслававіч на ўсе рукі майстар: і слесар, і токар, і зваршчык, – расказаў пра юбіляра начальнік Мядзельскага ўчастка Вілейскага водаканала Уладзімір Клімовіч. – Усё ўмее, сам рамантуе дарагое імпартнае абсталяванне. Спецыяліст высокага класу і чалавек добры, просты, працавіты – сапраўдны беларус!
Іван Спеглянін жыве ў Мокрыцы. Ураджэнец нашага раёна – з Сёмак Свірскага сельсавета. Хадзіў у пачатковую школу ў сваёй вёсцы, тады ў васьмігадовую ў Канстанцінава, пасля – у Свірскую сярэднюю. У Вільнюсе вывучыўся за токара, працаваў там па спецыяльнасці на аўтарамонтным заводзе. Адслужыў у войску, вярнуўся на завод. Папрацаваў і на Ігналінскай АЭС – зноў жа, па спецыяльнасці. А як ажаніўся, вярнуўся ў свой раён. Спачатку ўладкаваўся на турбазу “Нарачанка”, а калі побач з Мокрыцай адкрыліся ачышчальныя збудаванні, адразу перайшоў туды. Было гэта 3 студзеня 1981 года. З таго часу там і працуе, толькі ў 1987-м на паўгода адлучаўся, калі накіравалі на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Разам з жонкай Валянцінай Мікалаеўнай выгадаваў сына і дачку, мае трое ўнукаў. Што цікава, жонка і зяць юбіляра таксама стараюцца на ачышчальных збудаваннях – аператарамі ачышчальных сістэм.
– Работа ў мяне цікавая: кожны дзень нешта новае, – расказвае юбіляр. – Усё мне тут падабаецца.
– А чым у вольны час любіце заняцца? – пытаюся.
– Ды і няма яго асабліва, вольнага часу. У свае выхадныя працую зваршчыкам і токарам у ААТ “Занарачанскі”.
…Моцнага здароўя Вам і такой жа высокай працаздольнасці яшчэ на доўгія-доўгія гады, шаноўны Іван Станіслававіч!
Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота забяспечана Уладзімірам КЛІМОВІЧАМ