Призеры «Властелин села-2024». Кто эти люди?
У сям’і Леошаў з Болькава выхоўваюцца два хлопчыкі Вадзім і Кірыл. Старэйшы сёлета стане першакласнікам. А другому сыночку толькі два гады споўнілася.
Алена па прафесіі повар, але зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Алег – механізатар. Дарэчы, у працавітай сям’і Леошаў усе мужчыны – трактарысты. Пачынальнік хлебаробскай дынастыі – Генадзій Станіслававіч. На яго раўняюцца і сыны – Алег і Генадзій, якія працуюць у ААТ «Свір-агра».
Дом маладой сям’і выдзеліла таварыства. У гэтым жа населеным пункце жывуць і бацькі Алега, якія шмат дзецям дапамагаюць. Разам трымаюць гаспадарку, садзяць агароды. Хатняя праца патрабуе нямала сіл і намаганняў. Але яны дружна з усім спраўляюцца.
Генадзій Станіслававіч і Валянціна Якаўлеўна нават нядаўна на раённы конкурс «Уладар сяла-2024» у Сваткі ездзілі, каб падтрымаць сына з нявесткай. І на сцэне выступалі, і ў іншых конкурсах актыўна ўдзельнічалі. Нездарма разам і занялі ганаровае другое месца. Было прыемна назіраць, як тры пакаленні дружнай сям’і Леошаў – бацькі, дзеці і ўнукі – з павагай і цеплынёй адносіліся адзін да аднаго, дапамагалі, падтрымлівалі. Ці не ў гэтым і заключаецца сакрэт сямейнага выхавання?
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ