Ровесница освобождения Беларуси

Напярэдадні дзяржаўнага свята прымала віншаванні былы малалетні вязень Соф’я ГІЦЭВІЧ. Між волі перад вачыма праляцелі гады дзяцінства, на якія выпалі вайна і пасляваенная разруха, працяглае лячэнне і ўпартая барацьба за вяртанне да паўнавартаснага жыцця.
Медаль у гонар велічнай даты
З самай раніцы хваляванне перапаўняла сэрца жанчыны. Але, як толькі прыехалі госці, да яе вярнуліся душэўны спакой і ўнутраная раўнавага. Сёння ёй не сорамна ні перад сабой, ні перад людзьмі за пражыты час даўжынёй у 80 год. Яна – равесніца вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Жыла сціпла, па сумленні, старанна працавала. Вучняў выхоўвала і ўласных дзяцей на ногі падымала. Вось і заслужыла людскую павагу.
Юбілейны медаль «80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» уручыў Соф’і Віктараўне ваенны камісар раёна Віталій Якушаў. З пажаданнямі здароўя, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага ў жыцці. Былі і кветкі – букет прыгожых лілей. Яго ўручыла Соф’і Гіцэвіч старшы інспектар Княгінінскага сельвыканкама Таццяна Святоха.
Балючыя ўспаміны
Месцам нараджэння Соф’і стала сталіца Германіі – Берлін. Было гэта 22 сакавіка 1944 года.
– Мая мама родам з Чарнят, а тата – з Ражкоў. Пасля жаніцьбы жылі ў Ражках… Калі ў верасні 1943 года прыехалі ў вёску фашысты, людзей сагналі і калонай павялі ў напрамку Мядзела. А хаты падпалілі. Было балюча бачыць гэта. Палохала і невядомасць, – са слязьмі на вачах расказвала Соф’я Віктараўна. – Усіх сагналі ў памяшканне мядзельскага касцёла. Былі там і жыхары іншых вёсак. А праз некаторы час павялі на Пастаўшчыну. Адтуль у таварных вагонах па чыгунцы адправілі ў нямеччыну. Адзін добры чалавек параіў бацькам назвацца палякамі, бо да іх немцы адносіліся больш лаяльна, чым да беларусаў. Яны на сартавальным пункце так і зрабілі. Таму апынуліся ў рабочым лагеры, а не ў канцэнтрацыйным, як многія іншыя.
…Дзяўчынка з’явілася на свет падчас бамбёжкі. Памяшканне, дзе знаходзілася цяжарная жанчына, было разбурана. Ацалела толькі частка, дзе ляжалі парадзіха і немаўля. Напэўна, так было лёсам наканавана. Каб выжыць і жыць далей.
Ад маці Соф’я Віктараўна ведае, што дзяцей, а іх было з ёй трыццаць, пакуль бацькі працавалі, пакідалі на адну з жанчын. Малыя недаядалі, часам галадалі. Не дзіўна, што хварэлі і паміралі. А Соня, насуперак усяму, выжыла!
Вяртанне на радзіму
Са слоў маці Соф’я Гіцэвіч памятае, што іх з няволі вызвалілі ў маі 1945-га, за некалькі дзён да Перамогі. Ведае таксама, што вязняў агітавалі ехаць у іншыя краіны, абяцалі заможнае існаванне. Некаторыя паддаліся на замежную агітацыю. А іх сям’я вырашыла вярнуцца дадому. Доўгім быў гэты шлях. З малой дачушкай на руках ішлі пяшком да бліжэйшага чыгуначнага прыпынку, далей дабіраліся на таварняку. Вярнуліся, а жыць няма дзе. Часова размясціліся ў кінутай некім «ляплёнцы» каля Чарнят. Пасля свой дом пабудавалі.
– Але праблемы не закончыліся, – апавядае суразмоўца. – Па волі лёсу я стала інвалідам. На маім здароўі, а пазней і на матуліным, сказалася жыццё на чужыне. Куды толькі бацькі на працягу трынаццаці год мяне не вазілі. Дапамаглі ў Ленінградзе. Пасля дзвюх аперацый на пазваночнік, працяглага рэабілітацыйнага перыяду змагла вярнуцца да нармальнага жыцця…
Цяжка ўявіць, што давялося дзяўчынцы пераадолець, колькі болі сцярпець. Якую ж ёй трэба было мець сілу волі, вытрымку, нават мужнасць, каб з усім справіцца! І не страціць прагу да жыцця, не затаіць злосць і крыўду на свет і людзей!
Шлях у прафесію
Толькі ў 21 год дзяўчына закончыла школу і стала студэнткай педінстытута ў Магілёве. Бліжэй не было геаграфічнага факультэта, а на іншым сябе не бачыла. Пасля заканчэння ВНУ малады спецыяліст атрымала накіраванне ў вясковую школу Верхнядзвінскага раёна. Але з-за хваробы маці Соф’і ўдаецца праз Міністэрства народнай асветы пераразмеркавацца бліжэй да дому. Так яна апынулася ў васьмігодцы ў Пількаўшчыне. Праз год дзяўчыну накіравалі ў Княгінін, дзе вызвалілася месца настаўніка геаграфіі. Там і адпрацавала 35 год.
Школьныя гады, як самыя лепшыя, назаўсёды засталіся ў жыцці педагога, які вёў вучняў па цудоўнай Краіне ведаў, прывіваў любоў да Радзімы, да роднай зямлі.
Ёсць і стымул — жыць далей
У Княгініне Соф’я Гіцэвіч карані пусціла. Выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачушак. У абедзвюх свае сем’і, жывуць у Мінску. Старэйшая – кандытар, а малодшая – настаўнік. Задаволена Соф’я Віктараўна, што ў іх сям’і з’явілася педагагічная дынастыя. І яе пачынальніца – яна!
Соф’я Гіцэвіч не шкадуе, што сваё жыццё прысвяціла школе, дзецям. Радуецца, калі бывае на мерапрыемствах у сценах установы адукацыі, якая даўно стала роднай. Калі сустракаецца з вучнямі, для якіх была і настаўнікам, і дарадцам, і старэйшым сябрам.
Шмат значыць для яе і ўласная сям’я. Унук і ўнучка ўжо дарослыя. Цяпер яны – гонар і радасць бабулі. А яшчэ і выдатны стымул жыць далей, бо трэба ж ёй унука пажаніць, унучку замуж выдаць і ганаровае званне прабабулі займець!
- Я вельмі ўдзячна дзяржаве, што не забывае вязняў фашызму. Мы ж таксама шмат пацярпелі ў вайну. Што дапамагае нам, падтрымлівае, – кажа мая суразмоўца. – Наша краіна – мірная, спакойная, незалежная. Зараздобра ўсім жывецца Усяго хапае. Толькі, каб не было вайны. Каб нашы дзеці, унукі не зведалі таго, што выпала на нашу долю.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ
Рекомендуем


