Меню

З Нарачы ў Будслаў пешкі ідуць пілігрымы з усіх дыяцэзій Беларусі

3 ліпеня ад касцёла святога Андрэя, апостала, у Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) выйшла 27-я пешая пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Яе ўдзельнікі на працягу ўсёй дарогі ідуць па тэрыторыі аднаго дэканату. Іх шлях пралягае па берагах прыгожых азёраў Мядзельшчыны, у тым ліку самага вялікага возера ў Беларусі — непаўторнай Нарачы, паведамляе  Catholic.by

Вядуць пілігрымку айцы кармэліты босыя Пётр Фарына OCD і Павел Герман OCD, якія нясуць служэнне ў нарацкай парафіі.

Перад дарогаю пілігрымы сабраліся ў касцёле святога Андрэя, апостала, на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі.

У прамоўленай гаміліі святар заахвоціў пілігрымаў даручыць свой жыццёвы шлях апецы Найсвяцейшага Сэрца Езуса і матчынаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі.

Next

На заканчэнне Імшы пробашч нарацкай парафіі айцец Павел Ляліта OCD пажадаў удзельнікам добрай дарогі і сам праводзіў іх некалькі кіламетраў. Перад выхадам пілігрымаў у святыні благаславіў і акрапіў асвячонаю вадою айцец Павел Герман.

Сёлетняя пілігрымка Нарач–Будслаў сабрала каля 150-і ўдзельнікаў з усіх дыяцэзій Беларусі.

Пераважная большасць з іх паходзіць з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, вялікая група пілігрымаў прыбыла з Брэста (Пінская дыяцэзія), а таксама далучыліся прадстаўнікі суседніх парафій з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій.

Многія ідуць у пілігрымку з Нарачы да Маці Божай Будслаўскай не ўпершыню.

Нават двухгадовая Агатка з Нарачы ідзе са сваёй матуляй (а дакладней, едзе на дзіцячым роварчыку) ужо ў другі раз.

Акрамя яе, сярод пілігрымаў ёсць нямала іншых дзяцей з бацькамі, якім вельмі даспадобы такая незвычайная прыгода.

Першы прапынак-прывал — на беразе Нарачы, каля павароту на вёску Сіманы. Калісьці яе жыхары сустракалі пілігрымаў, частуючы іх смачнай сцюдзйнай вадой са студні.

І сёлета дзве пажылыя вяскоўкі выйшлі насустрач пілігрымцы, каб проста прывітаць вандроўнікаў і разам з імі скіраваць Маці Божай свае малітоўныя інтэнцыі.

Першую ноч пілігрымы начавалі ў гасцінным кляштары айцоў кармэлітаў босых у Мядзелі, а раніцай другога дня дарогі, памаліўшыся, пад невялікім дожджыкам рушылі ў далейшы шлях.

З малітвамі і спевамі яны прыйдуць заўтра ў Будслаў, успамінаючы пра тое, як у мінулым годзе да Маці Божай Будслаўскай разам з імі ў Нацыянальны санктуарый увайшоў Легат Папы Францішка кардынал Клаўдыё Гуджэроцці з павязаным адметным жоўтым шалікам нарачанскага пілігрыма.

 Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59