Меню

Мастер на все руки приезжает в Дубоносы

Прыемна, што пра прыгажосць нашых вёсак клапоцяцца не толькі мясцовыя жыхары, але і дачнікі, – зазначае старшыня Крывіцкага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Сіняўская.

Калі заязджаеш у Дубаносы, першае, што заўважаеш, гэта новы праваслаўны паклонны крыж. Яго зрабіў для ўсіх жыхароў невялічкага населенага пункта дачнік Дзмітрый Роўда. І не толькі зрабіў, але і даглядае, за што яму шчыра ўдзячны вяскоўцы.

Здаўна ставілі людзі крыжы, каб абараніць гарады, мястэчкі, вёскі, дзе жылі, свае сем’і ад хвароб у час эпідэмій, іншых няшчасцяў. І свята верылі, што дабро абавязкова пераможа зло. Спадзяюцца на дапамогу Бога людзі і сёння, асабліва, калі трапляюць у няпростыя жыццёвыя сітуацыі.

Кідаецца ў вочы і вясковая хата, размешчаная на ўскрайку вёскі, куды прыязджае з сям’ёй летам дачнік з Мінску. Яна адметная, прыгожа пафарбавана. На вокнах – разныя налічнікі. І ў саміх будынках, і на падворку адчуваецца моцная гаспадарчая рука, якая ўсё кантралюе і належны парадак падтрымлівае.

Дваровая тэрыторыя вялікая, але дагледжаная. Трава пастаянна выкашана. Радуюць вока малыя архітэктурныя збудаванні. Заварожвае незвычайнае «чайнае дрэва». На галінах яго развешаны чайнікі, у якіх пасаджаны кветкі. Ёсць і лавачка, каб пасядзець і адпачыць, а таксама ажурная альтанка… Упрыгожвае ўваход у дом арыгінальная самаробная веранда, а ў двор – адметная арка-брама ў форме доміка. Усё гэта – тварэнні Дзмітрыя.

– Сцвярджаюць вяскоўцы, што іх дачнік працавіты, шчыры і вельмі адказны чалавек. Што ні хвілінкі не можа пасядзець без справы. За што б ні ўзяўся, любая работа спорыцца ў яго руплівых руках. І стараюцца раўняцца на яго, – кажа Святлана Уладзіміраўна. – Ды і я, калі бываю ў Дубаносах, бачу Дзмітрыя Аляксандравіча пастаянна нечым занятым. То ён косіць траву, то нешта майструе…

Ад Святланы Сіняўскай даведалася, што малая радзіма Дзмітрыя Роўды – суседнія Капусцічы. Ён вырас у звычайнай вясковай сям’і. Таму змалку прызвычаіўся да працы. І цяпер, калі прыязджае з Мінску ў Дубаносы, пастаянна знаходзіць сабе занятак. Па меркаванні Святланы Уладзіміраўны, ні дом, ні падворак не выглядалі б так прыгожа і прывабна, калі б не ўмелыя рукі Дзмітрыя Аляксандравіча, якія сапраўды шмат могуць і ўмеюць.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота забяспечана Святланай СІНЯЎСКАЙ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59