«Даже не поссорились никогда, разве что о колхозных делах поспорили». 50 лет вместе Леонид и Анна Кухарёнок
«Был жених серьезным очень, а невеста ослепительно была молодой». Гэта некалі папулярная песня прыходзіць мне на памяць, калі з Ганнай і Леанідам КУХАРОНКАМІ разлядаю іх вясельныя фотаздымкі.
– Маладая была вельмі маладой, – нібы чытае мае думкі жанчына. – 18 з паловай год, толькі першы курс тэхнікума закончыла. Мама плакала нават, адгаворвала. Але хіба адгаворыш?
– Раскажыце, якім было ваша вяселле.
– Даўнейшыя вяселлі – гэта не цяперашнія, – адгукаецца на маю просьбу Леанід Віктаравіч. – Зараз з’ездзяць на тры гадзіны ў рэстаран, заплацяць грошы – і ўсё. Наша ж вяселле пачыналася ў пятніцу ў мяне ў Мокрыцы. У суботу паехалі за 300 кіламетраў да маладой у Любанскі раён. У нядзелю вярнуліся сюды. У панядзелак распісваліся – у Занарачы ў сельсавеце Сямён Чарняўскі нас распісваў. Ну і ў аўторак вяселле заканчвалася.
– Аж за 300 кіламетраў жыла ваша нарачоная? Дзе пазнаёміліся?
– Смілавіцкі зоаветтэхнікум нас звёў, – адказвае мужчына. – Там пазнаёміліся, там пасля вяселля яшчэ два гады давучваліся. Спачатку на кватэры жылі, потым нам пакой у інтэрнаце далі. Тады разам сюды ў калгас працаваць прыехалі.
– Якія ўспаміны пра тыя дні?
– Добрыя, – кажа Ганна Іванаўна. – Я ўжо і не думала на працу ісці, бо была цяжарная першай дачкой. А Антон Аляксеевіч Стома, старшыня калгаса, кажа: «Выходзьце хоць на некалькі дзён, мы вам дэкрэтныя заплацім». Добры быў старшыня – і накіроўваў людзей, і дапамагаў, і абараняў. Прыняла я тады ферму «Мокрыца», папрацавала месяца паўтара – і пайшла ў дэкрэт. Пасядзела з малой 8 ці 10 месяцаў – зноў на працу. Так усё жыццё загадчыцай на адной ферме і прабыла. Толькі летась пакінула працу. Ён, – паказвае вачыма на мужа, – таксама ўвесь час у калгасе, у тым ліку 18 год галоўным заатэхнікам. Любілі сваю працу, днямі там прападалі – ні выхадных, ні водпускаў. Нам вельмі бацькі ягоныя дапамагалі. У іх адзін сын быў, адна нявестка. Дзеці ў бабулі і жылі, аж пакуль у школу не пайшлі. Яна ім і адзенне мыла. Бывала, ідуць людзі з працы, бачаць, што ў яе шнуры дзіцячага адзення вісяць. Кажуць: «У Ані дзяцей няма, яны ў свякроўкі». Свёкар мог у калгасе абаіх нас падмяніць, калі трэба было адлучыцца, бо перш сам працаваў загадчыкам фермы.
— Вы разам паўстагоддзя. Ці хутка яно праляцела?
— Як і не было, – смяецца Ганна Іванаўна. І працягвае сур’ёзна: – Выгадавалі дзвюх дачок. Старэйшая Ірына жыве ў Мінску, настаўніца. Малодшая Алена – у Баярах, шэф-поварам у Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі працуе. Маем добрых зяцёў, дарослых унучку і ўнука, праўнучку. Як пражылі? Не пабіліся, нават не пасварыліся ніколі, хіба па калгасных справах паспрачаліся. Добра пражылі.
Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара і з сямейнага архіву Кухаронкаў