На Мядельщине горел лес
Вечарам 26 мая ў цэнтр аператыўнага кіравання Мядзельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб тым, што каля вёскі Сосны Мядзельскага сельскага савета гарыць лес. Прыбыўшыя на месца ратавальнікі хутка ліквідавалі загаранне.
Хочацца ў чарговы раз нагадаць: адправіліся на прыроду — праяўляйце акуратнасць, ахоўвайце лес ад пажару.
Памятайце: месцы для развядзення вогнішча вызначаюцца і абазначаюцца толькі работнікамі лясной гаспадаркі. А вось развядзенне вогнішча ў неабазначаным месцы з’яўляецца парушэннем правілаў пажарнай бяспекі і караецца штрафам нават тады, калі гэта не стала прычынай пажару.
Калі вы выявілі пажар – пастарайцеся яго патушыць самі. Іншы раз дастаткова затаптаць полымя, засыпаць яго пяском. Калі ж самастойна гэта зрабіць не ўдаецца, неадкладна тэлефануйце ратавальнікам па нумары 101 ці 112.
Тут неабходна таксама нагадаць, што рабіць, калі аказаліся ў непасрэднай блізасці ад пажару ў лесе? Выходзьце на дарогу, прасеку ці да берага ракі перпендыкулярна накірунку руху агню. Выйшаўшы на адкрытую прастору, дыхайце чыстым паветрам ля зямлі. Рот і нос прыкрыйце мокрай анучкай, насоўкай. Калі няма адкрытых участкаў, то крочце на ўчастак лісцевага лесу, ён, у параўнанні з хваёвым, слаба гарыць. Калі немагчыма ўцячы ад пажару, зайдзіце ў ваду ці накрыйцеся мокрым адзеннем. Заўсёды памятайце, што ваша бяспека – у Вашых руках!
Старшы інспектар сектара ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння РАНС Ірына Карапецян