Районная благотворительная ёлка прошла в Мяделе
Раённая дабрачынная ёлка, якая штогод праходзіць у рамках навагодняй рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», адбылася 27 снежня ў Мядзеле.
У раённы цэнтр культуры запрасілі дэлегацыі з усяго раёна – усяго 150 дзяцей. Сярод іх адораныя вучні, дзеці-сіроты, дзеці з інваліднасцю, удзельнікі і пераможцы разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў. У фае чакалі хлопчыкаў і дзяўчынак розныя забавы і выставы.
У зале прывітаў іх намеснік старшыні райвыканкама Руслан Жук, расказаў пра сутнасць акцыі «Нашы дзеці» і завяршыў пажаданнямі:
– Хачу пажадаць толькі добрага настрою, каб у вас былі здаровыя, моцныя сем’і, каб вы былі не абдзеленыя ўвагай бацькоў і сяброў. І калі ў вас нешта было негатыўнае ў гэтым годзе, каб яно там і засталося і ніякім чынам не паўтарылася ў наступным. Моцнага вам усім здароўя, і самае галоўнае – усім нам мірнага неба над галавой.
А раённы цэнтр культуры падрыхтаваў мюзікл «Папялушк@. Старая новая казка». І сёння якраз адбылася яго прэм’ера. Дзеці не толькі сталі гледачамі, але танцавалі, дапамагалі Папялушцы хутчэй справіцца з заданнямі, каб паехаць на бал. І, вядома, віталі Дзеда Мароза.
Чакаюць дзяцей і падарункі, якія яны атрымаюць у сваіх навучальных установах.
Фота Аляксандра Высоцкага