Ад усёй душы! Радасна і весела было ў доме сумеснага самастойнага пражывання ў Камарове
Свята ў дом сумеснага самастойнага пражывання сёння прывезлі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана САКАЛОЎСКАЯ, старшыня раённага Савета дэпутатаў Антаніна КРЫЎКО, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Таццяна ПРУДНІКАВА і старшыня Свірскага сельвыканкама Валянціна СУБАЧ. Ну і Дзед Мароз са Снягуркай таксама.
Эстафету віншаванняў распачала Святлана Сакалоўская.
– Дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”, якая зараз праводзіцца, з’явілася толькі летась, – зазначыла дэпутат. – Гэта добрая магчымасць стварыць для вас свята. Хоць, трэба сказаць, наш народ – добры, шчодры і адкрыты – і перш, да аб’яўлення акцыі, не скупіўся на віншаванні і падарункі.
Кожны з насельнікаў дома сумеснага пражывання атрымаў ад Святланы Іванаўны ручнік і паштоўку.
Моцнага здароўя, міру і дабрыні, дабрабыту жадала ўсім Антаніна Крыўко. Падкрэсліўшы, што без падарункаў не бывае Новага году, перадала ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў мікрахвалёвую печ.
Былі віншавалі таксама ад Таццяны Пруднікавай і Валянціны Субач.
Да добрых слоў прыкладаліся салодкія пачастункі, адпаведна ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і ААТ “Свір-агра”.
Сустрэча праходзіла за салодкім сталом.
Былі песні (у тым ліку па заяўках слухачоў) і танцы – гэта пастараліся культработнікі Свірскага сельсавета.
Завіталі і Дзед Мароз са Снягуркай. І штосьці мне падказвае, што іх працоўныя кніжкі ляжаць не ў Белавежскай пушчы, а ў раённым Цэнтры культуры.
…У доме сумеснага самастойнага пражывання ў Камарове восем пастаяльцаў, усе яны з нашага раёна. На свяце былі сем: адзін пакуль у бальніцы. Яго таксама чакаюць падарункі.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота і відэа аўтара.