Незваротная страта: узгадалі, як жыла і працавала Стэла Іванова
Вясна, сонца, майская квецень… Радасць на сэрцы… Але ж бывае, што і ў гэтую пару года ў некага смутак і боль. А яшчэ горш, калі здараецца гора, калі неспадзявана абрываецца жыццёвая сцяжынка.
Жыццё і памяць пра Стэлу Іванову
Менавіта ў маі на 79-м годзе пайшла з жыцця наша слынная зямлячка Стэла Станіславаўна Іванова (Таразевіч) – ураджэнка вёскі (цяпер – аграгарадок) Слабада. У многіх і многіх людзей, якія добра яе ведалі, у душы глыбокае шкадаванне. Гэта такі чалавек! Разумны і сціплы, улюбёны ў жыццё і людзей, самаадданы ў працы, у выбранай справе.
Прафесійны шлях і адукацыя
Хто яна на самай справе? Музыкант, педагог, хормайстар, дырыжор, ініцыятар правядзення разнапланавых мерапрыемстваў, захавальнік культурнай спадчыны беларускага народа… Усё пералічанае і нават больш. Пасля атрымання адпаведнай сярэдняй спецыяльнай адукацыі вярнулася ў Мядзельскі раён. Працуючы, завочна атрымала вышэйшую адукацыю.
Праца ў Крывічах і Мядзеле
Стэлу Станіславаўну многія добра ведалі ў Крывічах. Там яна была дырэктарам музычнай школы, кіравала хорам другой раённай бальніцы – і ён атрымаў званне народнага. Працуючы ў Мядзеле, у складзе агітбрыгады з песнямі пабывала на палетках усіх калгасаў і саўгасаў.

Кіраўніцтва і ўклад у культуру
Ганаровая і адказная прыступка была даручана ёй пазней – пасада дырэктара абласнога Дома народнай творчасці. О, тут самааддача была непамернай! У першую чаргу – метадычная дапамога раённым установам культуры ўсёй Мінскай вобласці. У той час была ёй напісана кніга – вучэбны дапаможнік па культасветрабоце.
Любоў да песні і фестывалі
А цяпер не толькі пра работу, але і пра сутнасць душы Стэлы Станіславаўны. Пра тое, якое шанаванне надала яна песні беларускага народа. «Песня павінна гучаць усюды, заўсёды: у хаце, у полі, у дарозе, – гаварыла яна. – З песняй весялей, лягчэй жыць і працаваць. З песняй нават кветкі раней пачынаюць цвісці, збажына наліваецца важкім коласам». Па яе ініцыятыве на Мядзельшчыне пачаў праводзіцца рэспубліканскі фестываль «Пеўчае поле», які з’яўляецца адной з яркіх з’яў народнай культуры краіны.
Дзейнасць пасля выхаду на пенсію
А цяпер – пра гады яе заслужанага адпачынку. Адпачынку? Не, на самай справе яго не было. Стэла Станіславаўна зноў моцна прыхінулася душой да малой радзімы. У Мядзеле сабрала людзей шаноўнага ўзросту, стварыла клуб аматараў песні «Верасень».

Арганізоўвала выязныя канцэрты і па сваім, і па іншых раёнах вобласці, удзел у розных ветэранскіх фестывалях. І што вы думаеце? Гэтаму калектыву дзякуючы ёй таксама прысвоена найменне народнага. Варта дадаць: кожную пятніцу на аўтобусе прыязджала з Мінска ў Мядзельскі раённы Цэнтр культуры, каб правесці чарговую рэпетыцыю. Нягледзячы на ўзрост, на ўжо не лепшае здароўе.
Песні, якія засталіся ў памяці
Мелодыі песень «Кацюша», «Жураўлі», «Партызанскі вальс», «Грушыца», «Посидим по-хорошему», «Чубарыкі», «Мая вёска», «Развітальная» і многіх іншых, напэўна, ніколі не знікнуць з памяці выканаўцаў.
Успаміны калег і вучняў
– Стэла Станіславаўна – рэдкі талент, – дзеліцца меркаваннем былы ўдзельнік «Верасня» Аляксандр Грайчонак. – У шматгалосым хоры яна чула голас кожнага выканаўцы, не дазваляла схлусіць ні адной ноце, вучыла правільна карыстацца дыханнем і вымаўляць кожны і зычны, і галосны гук. Я многаму ў яе навучыўся. Удзячны. А зараз разам з усімі шчыра смуткую аб яе незваротным сыходзе.
Такую ж думку выказалі і Лілія Захарэвіч, і Міхаіл Гардон, і Яніна Малькевіч, і Галіна Ефрэмава, і Ганна Райчонак, і Святлана Суханская, і новы кіраўнік «Верасня» Святлана Серафімовіч, і акампаніятар Віктар Назаранка, і Роза Роўда, і Святлана Малышава, і работнікі культуры раёна, і многія-многія іншыя, пажадаўшы душы памерлай святла і цяпла на небе.
– А калі ўбачым, як адлятае жураўліны клін, – дадала Людміла Крупенка, – дык прыгадаем, вядома, як спявалі гэтую песню са Стэлай Станіславаўнай, і ў душы папросім перадаць ёй, што па-ранейшаму цэнім, любім і памятаем. Будзем памятаць. Заўсёды.
Валянціна ЕФІМАВА
Рекомендуем