У Мядзеле адзначылі Дзень медыцынскай сястры
Напярэдадні Дня медыцынскай сястры прымалі віншаванні людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё адной з самых гуманных і важных прафесій на зямлі. Яны заўсёды там, дзе патрэбна іх увага і ўмелыя рукі.
З прывітаннем да медыцынскіх сясцёр азёрнага краю звярнулася галоўны ўрач Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы Марына Субач. Марына Канстанцінаўна назвала прысутных апорай медыцыны.
- І хоць у кожнага з вас свой шлях у прафесію. Але ёсць агульнае, што ўсіх аб’ядноўвае. А гэта прафесіяналізм, уменне прыходзіць на дапамогу, спачуваць і суперажываць іншым. Дзякую вам за вялізную працу, бяссонныя ночы, за веданне справы, якой займаецеся, за падтрымку і ўзаемадапамогу адзін аднаму.
Затым адбылася цырымонія ўзнагароджання. Кветкі прымала медыцынская сястра аперацыйнага блока (старшая) хірургічнага аддзялення ЦРБ Наталля Васілевіч, якая на абласным свяце ў Вілейцы будзе адзначана Ганаровай граматай упраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама.
Падзякі галоўнага ўпраўлення аблвыканкама ўдастоены памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Крывіцкай участковай бальніцы Вольга Паўлоўская.
Ганаровай граматай Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы ўзнагароджаны медыцынская сястра (старшая) Крывіцкай участковай бальніцы Людміла Макіева, медыцынская сястра стаматалагічнага аддзялення паліклінікі ЦРБ Вольга Драгун, медыцынская медсястра (палатная) тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі ЦРБ Анастасія Папок.
А падзякі кіраўніка ўстановы аховы здароўя ўдастоены медыцынская сястра аддзялення сястрынскага догляду Свірскай участковай бальніцы Галіна Куркуль, медыцынская сястра агульнай практыкі Слабадской амбулаторыі Святлана Януковіч, медыцынская сястра (палатная) інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Алена Дземяшкевіч і медыцынская сястра эндакрыналагічнага кабінета паліклінікі ЦРБ Марына Талапіла.
З найлепшымі пажаданнямі да сваіх падначаленых звярнулася старшая медыцынская сястра, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі цэнтральнай раённай бальніцы Алена Куцкевіч.
Павіншавала калег са святам і медыцынская сястра аперацыйнага блока (старшая) хірургічнага аддзялення ЦРБ Наталля Васілевіч. Дарэчы, Наталля Паўлаўна сорак год працуе медыцынскай сястрой аперацыйнай. Прычым увесь час на адным месцы. З іх васямнаццаць — старшай аперацыйнай медыцынскай сястрой.
Прымалі з нагоды прафесійнага свята медыцынскія сёстры і музычныя віншаванні. Хораша спявалі для іх Алег Калеснікаў, Крысціна Вярцінская і Лізавета Шутава. А з роляй вядучай урачыстага мерапрыемства выдатна справілася Кацярына Клімовіч.
Засталося дадаць, што арганізатарамі святочнага мерапрыемства выступілі адміністрацыя ўстановы аховы здароўя сумесна з пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй.
Марыя Лубнеўская. Фота Аляксандра Юца.