Меню

Сусвет Аляксандра Быкава. У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася вечарына да юбілею паэта

Сёння, 7 верасня, 70 гадоў споўнілася нашаму земляку – паэту і празаіку Аляксандру Быкаву. Якога на Мядзельшчыне добра ведаюць не толькі як аўтара вершаваных ды празаічных твораў, уладальніка літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”. Але і як журналіста, што 30 год аддаў працы ў “Нарачанскай зары”. І як аматара бегу і ўдзельніка марафонаў.

Той жа, хто прыйшоў сёння на вечарыну-партэрэт “Сусвет Аляксандра Быкава” ў цэнтральную раённую бібліятэку імя Максіма Танка, меў магчымасць наноў адкрыць для сябе славутага земляка і яго творчасць. Пазнаёміцца з быкаўскім вершам, напісаным у вучнёўскім сшытку ў школьныя гады. Даведацца, за што будучы паэт атрымаў дзяржаўную ўзнагароду (не за вершы) . Як пазнаёміўся з будучай жонкай і што прывяло іх маладую сям’ю ў Мядзел. І з першых вуснаў пачуць, якія вершы з прысвечаных ёй найбольш падабаюцца жонцы паэта Таццяне Барысаўне.

Пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Аляксандра Быкава расказала вядучая вечарыны, намеснік дырэктара бібліятэкі Ганна Падгол. А добрыя словы і падарункі віноўніку ўрачыстасці адрасавалі многія.

Першай вітала юбіляра колішняя аднакурсніца па журфаку БДУ, а зараз паэтка Ала Клемянок. Узнагароду Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўручыў намеснік старшыні гэтага аддзялення Рагнед Малахоўскі­ – таксама паэт і наш зямляк. Вітаў юбіляра сябар Юрый Малахоўскі.

Узнагароду Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўручыў намеснік старшыні гэтага аддзялення Рагнед Малахоўскі

Ад рэдакцыі “Нарачанскай зары” віншавала аўтарка гэтых радкоў, ад раённага савета ветэранаў – старшыня Уладзімір Валасевіч, ад цэнтральнай раённай бібліятэкі – дырэктар Таццяна Нырцова. Дзякавала за дапамогу ў рэдагаванні ўласных вершаў і чалавечнасць вядомы на Мядзельшчыне ўрач Іда Гумніц (сёлета на выдала паэтычны зборнік).

А кіраўнік гімназічнага аб’яднання па інтарэсах “Спробы пяра” Вікторыя Сяклюцкая расказала, што школьніцай паказвала Быкаву свае першыя літаратурныя спробы і атрымлівала прафесійныя парады.

Ну і, вядома ж, гучалі быкаўскія вершы – у аўтарскім выкананні і не толькі.


Падрабязней пра вечарыну – у газеце ў наступную суботу.

Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота і відэа Аляксандра ВЫСОЦКАГА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59