Поощрены участники районного творческого конкурса, посвященного 80-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков
У Дзень пажылых людзей у Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка былі ўзнагароджаны ўдзельнікі раённага творчага конкурсу, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ва ўзросце ад 55 гадоў і старэй.
Вядучая мерапрыемства – намеснік дырэктара Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка Ганна Падгол – пазнаёміла прысутных з вынікамі конкурсу, які праводзіўся.
- Былі чатыры ўзроставыя катэгорыі– навучэнцы да 18 гадоў, моладзь ад 18 да 31 года, дарослае насельніцтва ад 31 да 55 гадоў і ад 55 гадоў і старэй, — адзначыла Ганна Мікалаеўна. — Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 32 чалавекі. З іх 31 – жыхар раёна і адзін чалавек – са Стаўбцоўскага сацыяльнага пансіянату «Каласок». Мужчына, які там пражывае, не мог удзельнічаць у конкурсе. Але члены журы падтрымалі аўтара і падрыхтавалі ў яго адрас пісьмовую падзяку.
Ва ўзроставай катэгорыі ад 55 гадоў і старэй аналізавалася 13 работ. З іх дзве – вершы жыхаркі Мядзела Данаты Варабей і апавяданне Валянціны Ефімавай, таксама з Мядзела, дасылаліся ад раёна на аналагічны абласны літаратурны ветэранскі конкурс, дзе былі высока ацэнены.Таму першымі ўшаноўваліся на мерапрыемстве менавіта Даната Аляксандраўна і Валянціна Станіславаўна.
А ўвогуле былі адзначаны дыпломамі і падарункамі ўсе ўдзельнікі конкурсу з апошняй узроставай катэгорыі. Сярод удастоеных узнагарод мядзяльчанкі Іда Гумніц і Ядзвіга Смолка, Святлана Роўда з к. п. Нарач, Людміла Ермаковіч са Стахоўцаў, Людміла Мінкоўская з аграгарадка Баяры, Валянціна Грыбовіч з Будслава. Ну а тым, хто не змог прыняць удзел у мерапрыемстве, дыпломы будуць уручаны пазней.
Кожную з канкурсантак Ганна Падгол прадставіла прысутным. Расказала пра творчую дзейнасць, пра захапленні. Паэты чыталі свае вершы. Людміла Мінкоўская хораша спявала. Прычым адну з песен, якія выканала, Людміла Вячаславаўна напісала сама. А Людміла Ермаковіч апавядала пра захапленне краязнаўствам і асабліва тэмамі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Марыя Лубнеўская
Фота Аляксандра Юца