Пять жителей района получили удостоверения почетного ветерана
Ганаровых ветэранаў на Мядзельшчыне стала на пяць чалавек больш. Цырымонія ўручэння пасведчанняў прайшла ў Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка.
Адразу вядучая мерапрыемства – намеснік дырэктара бібліятэчнай установы Ганна Падгол – расказала пра кожнага, хто ўдастоены такога пасведчання. Гэта людзі, якія добра вядомыя ў раёне – за працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ва ўсіх за плячыма клопат пра росквіт Нарачанскага краю і важкі асабісты ўнёсак у развіццё рэгіёну.
Шэрагі ганаровых ветэранаў папоўнілі прадстаўнікі галіны адукацыі мядзяльчане Глафіра Варабей і Іван Якімец, сельскагаспадарчай вытворчасці – Ганна Кухаронак з Занарачы, Мікалай Лашук са Старых Габ і Леанід Ракецкі з к. п. Нарач.
Глафіра Іванаўна ўсё жыццё прысвяціла адукацыі раёна. Была і настаўнікам, і метадыстам, і загадчыкам метадычнага кабінета. Затым шмат гадоў узначальвала райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Дзесяць гадоў была старшынёй жансавета раёна. Ды і ўвогуле гэта чалавек актыўны, неабыякавы, шырокай душы.
Іван Іванавіч – скарбніца мудрасці, тактоўнасці, добрага гумару. Ён усім цікавіцца, хоча шмат ведаць і прычым на кожны факт, падзею ў яго ўласнае бачанне, меркаванне. Іван Якімец глядзіць на свет добрымі вачамі, уважлівы да людзей. За гады кіраўніцтва ім адукацыяй раёна было пабудавана шмат школ, дзіцячых дашкольных устаноў, узводзілася і жыллё для настаўнікаў. Многія школы з Мядзельшчыны былі крыніцамі перадавога вопыту. Пра іх ведалі не толькі ў Мінскай вобласці, рэспубліцы, але і ў СССР.
Ганна Іванаўна Кухаронак пасля заканчэння Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума прыехала на работу ў тагачасны калгас “Шлях да камунізму”. Прызначылі яе загадчыцай фермы “Мокрыца”, дзе яна і цяпер яшчэ працуе на гэтай жа пасадзе. Вельмі любіць сваю работу, жывёлу. Цікавіцца навінкамі сельскагаспадарчай вытворчасці, імкнецца прымяніць перадавыя тэхналогіі на ферме, якую ўзначальвае. І свой багаты вопыт перадае калегам па рабоце.
Мікалай Мікалаевіч – былы механізатар. Большая частка яго жыцця звязана з тагачасным калгасам імя Кірава. Ён – удзельнік Усесаюзнага з’езда калгаснікаў. За старанную працу адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. І на пенсіі знайшоў сабе прымяненне. Займаецца дамашняй гаспадаркай, пчоламі. А яшчэ Мікалай Лашук – валанцёр, актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці.
Леанід Паўлавіч таксама звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і пра гэта ніколькі не шкадуе. У свой час закончыў тэхнікум, пасля сельгасакадэмію. Працаваў аграномам, галоўным аграномам. Шмат гадоў узначальваў калгас “Шлях Ільіча” і вывеў яго на перадавыя пазіцыі. Мае за працу два ордэны, медаль.
Пасведчанні ганаровага ветэрана ўручыў старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Валасевіч. А адказны сакратар раённага савета ветэранаў Святлана Мінчук узнагароджана юбілейным медалём “80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Марыя Лубнеўская
Фота Аляксандра Юца