Определены лучшие работы районного конкурса литературного творчества
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў раённы конкурс літаратурнай творчасці.
Арганізатарам творчага конкурсу сталі раённая арганізацыя ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, Мядзельская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Танка і рэдакцыя газеты «Нарачанская зара».
Нядаўна журы, у складзе якога працавала і я, падвяло вынікі конкурсу і вызначыла пераможцаў у чатырох узроставых катэгорыях– навучэнцы да 18-ці год, моладзь ад 18-ці да 31-го года, дарослае насельніцтва ад 31-го да 55-ці год і ад 55-ці год і старэй.
Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 33 чалавекі. Напрыклад, школьнікі прадставілі 16 работ. Найбольшую актыўнасць праявілі вучні Гімназіі г. Мядзела, Старагабскай, Слабадской, Мядзельскай №2, Крывіцкай сярэдніх школ, Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі і Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі. Сярод дарослых удзельнічалі людзі розных прафесій, больш за ўсё – настаўнікі, культработнікі. Актыўнымі былі і ветэраны. А падводзіліся вынікі конкурсу па дзвюх намінацыях – «Проза» і «Паэзія».
Дарэчы, журы падчас сваёй працы вызначыла не толькі лепшыя работы, але і скарыстала сваё права аб увядзенні дадатковых намінацый. Напрыклад, за шматграннасць. Гэта дазволіць заахвоціць як мага больш актыўных аўтараў.
Ва ўзроставай катэгорыі ад 55-ці год і старэй аналізавалася 13 работ. З іх дзве – вершы жыхаркі Мядзела Данаты Варабей і апавяданне Валянціны Ефімавай, таксама з Мядзела, дасылаліся ад раёна на аналагічны абласны літаратурны ветэранскі конкурс, дзе былі высока адзначаны. Некаторыя аўтары, сярод іх і ветэран працы Валянціна Грыбовіч з Будслава, даслалі на конкурс і вершы, і прозу. Цікавай атрымалася работа ў жыхаркі Мядзела, таксама ветэрана працы, Іды Гумніц, у якой выдатна спалучаюцца празаічныя радкі з вершаванымі. Ветэран педагагічнай працы Валянціна Кунцэвіч з Крывічоў вынесла на суд журы арыгінальны калейдаскоп гісторый таго часу, падрыхтаваны на мясцовым матэрыяле. Заслугоўваюць увагі і многія іншыя працы.
Члены журы адзначылі нефармальны падыход да конкурсу дзяцей і прадстаўнікоў маладога пакалення, што не можа не радаваць, а таксама актыўнасць ветэранаў і выказалі словы падзякі ўсім удзельнікам.
Сапраўды прыемна, што працы атрымаліся розныя па зместу і манеры іх напісання. У многіх з іх паказаны жыццёвыя сямейныя гісторыі ваеннай пары, якія памятаюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. А, значыць, конкурс не прайшоў безуважна. Ён закрануў душы людзей. Прычым не толькі жыхароў нашай сінявокай Мядзельшчыны. Напрыклад, была даслана на конкурс работа і са Стаўбцоўскага сацыяльнага пансіянату «Каласок». Мужчына, які там пражывае, не мае ніякага дачынення да нашага раёна, таму не можа ўдзельнічаць у конкурсе. Але члены журы вырашылі падтрымаць аўтара і падрыхтавалі ў яго адрас пісьмовую падзяку, якая ў бліжэйшы час будзе адпраўлена адрасату.
Засталося дадаць, што ўсе ўдзельнікі атрымаюць дыпломы, а аўтары лепшых прац яшчэ і падарункі. Прычым школьнікі будуць адзначаны за ўдзел у конкурсе падчас урачыстых лінеек, прысвечаных пачатку новага навучальнага года.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ