В выпускном классе Старогабской СШ – только девчата
Знаёмцеся! Дзяўчаты на фота – Маргарыта Амельяновіч, Віялета Малько, Вікторыя Мікалаева і Валерыя Зылінская. Яны – увесь 11 клас Старагабскай сярэдняй школы.
Віялета школьным аўтобусам прыязджала на ўрокі з Раманаўшчыны, Лера і Віка – жыхаркі Старых Габ. Шмат год жыла недалёка ад установы адукацыі і Маргарыта – пакуль летась яе сям’я не дабудавала прасторны дом у Мядзеле. Але дзяўчына (як і яе малодшыя сястра ды брат), хоць і стала гараджанкай, засталася ў сваёй школе. Ездзіць на ўрокі ў Габы з райцэнтра. Зноў-такі, школьны аўтобус у дапамогу.
- Добрыя дзяўчаты, – кажа пра сваіх без пяці хвілін выпускніц класны кіраўнік Наталія Варабей. – Творчыя, амаль ні адно школьнае мерапрыемства без іх не абыходзілася. Маргарыта – лепшая вучаніца класа і нават школы, экскурсавод школьнага музея і паспяховая ўздзельніца навукова-практычных канферэнцый па гісторыі. Лера – дыпламант конкурсаў “Чалавек свайго лёсу” (да 100-годдзя Васіля Быкава) і “Слова Купалы да творчасці кліча”. Віялета – рукадзельніца, брала дыпломы на раённым этапе алімпіяды па працоўным навучанні. Віка – актыўная ўдзельніца мерапрыемстваў не толькі ў школе, але і ў Доме культуры.
Сёння для гэтых дзяўчат празвініць апошні званок. Наперадзе – школьныя экзамены і хвалюючы статус абітурыента. Пажадаем дзяўчатам поспеху, а бліжэй да верасня раскажам, хто з іх куды паступіў.
Наталля ЛІСІЦКАЯ Фота Марыны ВАРАБЕЙ