Меню

Мядельчанка Анна Савчик издала книгу

Мядельчанка Анна Савчик издала книгу

«Я – стапрацэнтная бабуля. У мяне ёсць усё тое, што павінна быць для гэтага звання: узрост, пенсіённая кніжка з паметкай «Ветэран працы», куча ўсялякіх недамаганняў, сацыяльны пакет, вузкае кола зносін, дарослыя самадастатковыя дзеці, сямёра ўнукаў і… свабода, магчымасць займацца тым, чаго табе хочацца», – напісала ва ўступе да сваёй кнігі «Бабуля (карцінкі-ўспамінкі)» мядзяльчанка Ганна САЎЧЫК.

Аўтарка прапануе ўспомніць, якім было вясковае жыццё ў 60–70-я гады мінулага стагоддзя на прыкладзе гісторыі дзяўчынкі, праз прызму яе ўспрымання. Прадмова, уступ, 40 кароценькіх замалёвак і верш на заканчэнне – усё чытаецца на адным дыханні. Тут і ўзнёсласць («Ёсць патрэба пазбіраць карцінкі-ўспамінкі, як тыя ягадкі журавінкі, што рассыпаліся па мяккіх мохавых падушках балотных купін і просяць: «Збяры нас, збяры!»), і іронія («Так, трэба сабраць і запісаць, пакуль гэтаму не перашкаджаюць замежныя сябры Альцгеймер і Паркінсон»).

Ганна Саўчык нарадзілася ў вёсцы Лейцы, што ў Слабадскім сельсавеце. Шмат год на розных пасадах адпрацавала ў сістэме адукацыі Мядзельшчыны, апошнім часам загадвала раённым архівам. Цяпер на заслужаным адпачынку. Дзіцячыя ўспаміны Ганны Яўгенаўны звязаны найперш з Лейцамі і Слабадой. Але, чытаючы кнігу, вы ўспомніце ўласнае дзяцінства і сваю вёску. І няхай вы ніколі не збіраліся стаць рэжысёрам, не атрымлівалі пяцёрку на самым галоўным уступным экзамене, не ўцякалі надвячоркам дадому са школьнага інтэрната… Але, напэўна, гэтак жа чакалі часопіс «Мурзілка» і лазілі ў чужы сад у яблыкі. Асобнае задавальненне чытач атрымае ад слоў, чутых з маленства, ды змешчаных далёка не ў кожным слоўніку: «пачтарка», «кіншчык», «магазіншчыца»… Кола асоб, якім будуць цікавыя карцінкі-ўспамінкі Ганны Саўчык, дакладна не абмяжоўваецца жыхарамі Лейцаў і найбліжэйшых вёсак.

Кніга выйшла невялікім накладам і наўрад ці трапіць у рукі кожнаму, хто зацікавіўся. Таму змяшчаем дзве замалёўкі з яе. Прыемнага чытання!

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара

ПАЧТАРКА

Мне гадоў пяць, а можа, шэсць. Трашчаць у кафлянай печцы бярозавыя паленцы. У хаце цёпленька, утульна. Сяджу ля акна, дзе мароз намаляваў дзіўныя ўзоры, назіраю, як лёгка кружацца ў танцы сняжынкі. Нават праз аконнае шкло бачна, якія разнастайныя формы крышталікаў! За кружэннем сняжынак можна назіраць бясконца, гэты цуд прыроды зачароўвае, ахутвае спакоем.

А яшчэ я чакаю (як і кожны дзень) чалавека «с толстой сумкой на ремне». Чакаю пачтарку як самага дарагога госця. Яна прыносіла знадворку ў хату свежы марозны водар, змяшаны з незабыўным пахам свежай друкарскай фарбы (малая таксікаманка, не інакш). Не цярпелася – хутчэй, хутчэй бы з сумкі выцягнулі газеты і мой любімы часопіс «Мурзілка». А яшчэ ў сумцы было мноства лістоў і паштовак. Сённяшнія вайберы-шмайберы, тэлеграм-інстаграм і іншыя развучылі людзей дзяліцца навінамі і пажаданнямі на паперы. Зразумела, што тэхналогіі значна аблягчаюць жыццё-быццё. Ведаеце, я, без маны, кожны дзень падымаючыся на «Эверэст» (на пяты паверх), машынальна заглядваю ў паштовую скрынку. І бачу, што «полковнику никто не пишет». Толькі раз на месяц там можна ўбачыць жыроўку на кватэру. Перыядычныя выданні не выпісваем, з усіх бакоў абчапляліся сродкамі інфармацыі іншай пароды.

На кожнае вялікае свята наша сям’я раней атрымоўвала шмат паштовак ад сяброў, радні, знаёмых. Газеты і часопісы, паштоўкі каштавалі капейкі. Цяжка, канечне, параўнаць у нейкім эквіваленце капейку 60-х гадоў ХХ стагоддзя і капейку 20-х гадоў ХХІ стагоддзя. За капейку ў маім дзяцінстве можна было набыць пушачку запалак і, напэўна, акрайчык хлеба, а за сённяшнюю – нічога!

Летам пачтарка развозіла газеты і лісты на матацыкле. Умудралася на хаду, не заглушаючы матор, пад’язджаць і раскладваць пошту ў скрынкі, калі яны віселі на плоце і калі хата знаходзілася блізка ля дарогі. Яе тэхніку я пазнавала па асаблівым тарахценні. На жаль, на паперы не змагу яго перадаць.

Чытаць я навучылася рана і чытала ўсё, што пад рукі трапляла. Нават галоўную газету таго часу «Правда». Дарослыя спецыяльна прасілі мяне прачытаць якую навіну.

Толькі значна пазней я здагадалася, што іх забаўляў мой занадта сур’ёзны выгляд пры чытанні.

Назбіраўшы вялікую колькасць газет і часопісаў, я гуляла сама з сабой у паштальёна, і мне было цікава.

Паштальён, дарэчы, – адна з тых прафесій, якія мне падабаліся ў дзяцінстве.

Любіла быць у адзіноце, а і цяпер такая ж. Самы найлепшы сябар твой – ты сам.

ЮЛІСЕЎ САД

Наш сад быў дастаткова вялікі з разнастайнымі сартамі яблыкаў. Папяроўкі і грынштэйны іншы год выспявалі такія велізарныя, што, калі б яны зваліліся на галаву вучонаму Ньютану, ён бы не адзін закон у галіне фізікі сфармуляваў, а некалькі. Антонаўкі ўвосень так наліваліся сокам, што ледзь не пырскалі. Пах антонаўкі, калі добра напружыцца, можна ўспомніць. І адчуць. У мяне так атрымоўваецца часта. Гляджу, напрыклад, па тэлевізары, як хто расказвае пра што-небудзь смачнае, і пачынаю адчуваць гэты смак. Такая вось якасць. Перамяшчаюся ў абставіны не толькі думкамі, але і сенсорнымі магчымасцямі.

Яблыкаў хапала, аж занадта, але ж у суседавым садзе яны былі смачнейшыя. Згаварылася з хлопцамі, што «завітаем» цямном у Юлісеў сад, можа, ранетак налатошым. Сабакі – свінні такія – пачалі брахаць, і Юлісь, выйшаўшы з хаты, не стаў запрашаць нас у госці, дый мы асабліва і не чакалі. Сігануўшы праз плот, агледзелася, што няма на мне хустачкі з блакітнымі кветкамі. Папалася… Дома мне было не да спання: чакала, што будзе раніцай. Ад страху, ды больш ад сораму, аж жывот зводзіла. Як пакараюць мяне бацькі?

Юлісь прынёс маю хустачку. І не лаяўся зусім, а толькі, абапершыся на паркан, усміхаўся, пакурваючы сваю люльку.

Не стварай праблему загадзя: калі будзе патрэбна, яна сама цябе знойдзе.

Ганна САЎЧЫК

Ілюстрацыі да кнігі зрабіла ўнучка аўтаркі Варвара САЎЧЫК

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59