Тут дзевяць класаў пройдзена… Мядзельскім гімназістам уручылі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі
На ўрачыстасць выпускнікі 9 класа сабраліся ў актавай зале гімназіі. Там жа былі заўважаны іх бацькі, а таксама асобныя бабулі і дзядулі, брацікі і сястрычкі.
Добрыя словы хлопцам і дзяўчатам сказалі класны кіраўнік Наталля Клунік і дырэктар Ірына Азарка. Ну а потым былі ўручаны дакументы аб адукацыі – іх падрыхтавалі для кожнага з 24-х учарашніх дзевяцікласнікаў.
Чатыры выпускнікі – Іван Бароўка, Міла Гушча, Юлія Кавалёнак і Валерыя Радзевіч – атрымалі пасведчанні з адзнакай. Гэта значыць, што ў 8 і 9 класах у іх па ўсіх прадметах былі толькі дзясяткі і дзявяткі за год. Ну і, вядома ж, прыкладныя паводзіны. Многім рабятам аб’яўлены падзякі дырэктара гімназіі, уручаны дыпломы за перамогі ў інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах. Ад выпускнікоў выступіла Разалія Круцько.
Працягам урачыстасці стала гульнявая праграма, падчас якой кожны выпускнік пачуў у свой адрас цёплыя словы і атрымаў добрыя пажаданні ад класнага кіраўніка.
Наталля ЛІСІЦКАЯ Фота аўтара