Профилакторий для телят работает на ферме «Новики»
Пабывалі ў прафілакторыі для цялят, які трэці месяц працуе на ферме «Новікі» ААТ «Сваткі».
– У прафілакторыі 151 індывідуальная клетка для цялят і 16 агульных, дзе можа быць па дзве-тры галавы, – уводзіць у курс справы брыгадзір Святлана Герасімовіч. – Цяляткі гадуюцца тут ад нараджэння да трох месяцаў, потым перадаём на дарошчванне ў Рудзевічы. Малых адсаджваем ад каровы ў дзень цялення – і ў сушыльную шафу. Потым дадаткова абсушваем спецыяльнай лямпай і перастаўляем далей у клетачку. У першую гадзіну жыцця цяля атрымлівае малодзіва.
– Хто даглядае малых? Чым іх кормяць? – пытаюся.
– У нас дзве цялятніцы: Аксана Мікалаеўна Петух і Іна Генадзьеўна Іванова. Працуюць добра, спраўляюцца. Першыя сем дзён цяляты атрымліваюць малодзіва ад сваёй мамы – замацаваны работнік, Сяргей Анатольевіч Бічун, асобна доіць кароў у малодзіўны перыяд. Потым пераводзім малых на агульнае малако. Адразу поім з соскі, тады паступова прывучаем да вядзерцаў. Уводзім камбікорм адпаведна ўзросту жывёлы.
Гэта ўжо другі прафілакторый у ААТ «Сваткі».
– Першы ўвялі ў эксплуатацыю на комплексе ў Сватках, – расказвае дырэктар гаспадаркі Аляксей Окішаў. – Паглядзелі: чыстае паветра, цялятам камфортна – гэта станоўча адбіваецца на прыбаўленнях у вазе і на захаванасці жывёлы. Але самае галоўнае – значна палепшыліся ўмовы для працы людзей. Таму вырашылі пабудаваць прафілакторый і ў Новіках. Заробак будаўнікам плацілі са сродкаў гаспадаркі, а на матэрыялы даў пазыку Мінскі малочны завод №1. Усе выдаткі перавысілі 300 тысяч рублёў – з улікам правядзення электрычнасці, закупкі абсталявання і нават пластыкавых вядзёрак. Што цікава, самае дарагое – гэта не метал, не дахоўка, а вентыляцыйныя шторкі.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА