Каким вы запомнили жизнь в Советском Союзе?
Каб задаць гэта пытанне, я не спыняла выпадковых людзей на вуліцы. Меркаванні гэтых жыхароў Мядзельшчыны пра жыццё ў СССР я пачула раней, падчас падрыхтоўкі іншых матэрыялаў.
Алена ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ, настаўніца гісторыі, грамадазнаўства і геаграфіі Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу:
— Займаючыся краязнаўствам, шмат размаўляю з людзьмі вельмі паважанага ўзросту. Якія пажылі і пры Польшчы, і пры немцах, і пры савецкай уладзе. З вялікай цеплынёй яны ўзгадваюць Савецкі Саюз. І не толькі таму, што гэта аб’ектыўна быў перыяд росквіту Крывічоў — жыло шмат людзей, працавала шмат арганізацый і прадпрыемстваў. Але і таму (гэта адзначаюць усе), што была вялікая павага да чалавека, з якой тут не сутыкаліся раней.
Сама я тады была школьніцай. З таго часу ў памяці такі выпадак. Электрасувязь спілавала і пакінула ляжаць старыя слупы ўздоўж рэчкі ў Крывічах. Было нязручна ўсім, бо якраз там людзі хадзілі ў лазню. Я расказала аб тым сваёй першай настаўніцы, гэта была Любоў Васільеўна Зялёнка. Яна мне і гаворыць: «А ты ідзі да Камінскага і ўсё гэта скажы». Камінскі — тагачасны старшыня гарпасялковага Савета. Я і зрабіла, як настаўніца навучыла. Прыйшла ў кабінет, стукнула кулаком па стале і кажу: «Вы разумееце, які жах! Гэта немагчыма, што ля рэчкі робіцца! Слупы валяюцца, п’яніцы бутэлькі кідаюць, а мы потым купаемся і ногі рэжам». Ён выслухаў і папытаўся: «Дзяўчынка, а як тваё прозвішча?» Адказваю: «Нікуліна». «Добра, — кажа, — ты ідзі, а мы будзем вырашаць». І што вы думаеце? За тыдзень усё зрабілі. Да дзіцяці прыслухаліся! На школьнай лінейцы мяне потым пахвалілі: «Малайчына, дзяўчынка за экалогію перажывае — хадзіла, дабівалася». Акцябрацкая і піянерская арганізацыі выхоўвалі нас неабыякавымі, актыўнымі. Дзеці былі задзейнічаны ў многіх добрых справах. Дапамагалі ветэранам — і дровы насілі, і парадак наводзілі. Многа добрага было закладзена ў той час.
Уладзімір ЖЫХАР, ветэран Вялікай Айчыннай вайны (аг. Слабада):
— Хто Савецкі Саюз разваліў — вельмі кепска зрабіў. Вельмі нядобра. Канечне, у развале Савецкага Саюза найперш вінаваты Гарбачоў. Але і акрамя яго вінаватых, відаць, было нямала. Бо каб адзін Гарбачоў, знялі б яго і ўсё. А так — маем што маем. Калі б Савецкі Саюз праіснаваў да цяперашняга часу, гэта была б непераможная дзяржава. Самая багатая ў свеце. У 1980-я мы ўжо блізка да гэтага падышлі. Узяць наш калгас «17 Верасня» — мы ж заробак пачалі атрымліваць выдатны. А збожжа, а жывёлы колькі было! 800 тон зерня толькі дзяржаве здавалі — з аднаго нашага невялічкага калгасіка! І ў саміх заставалася больш за тысячу тон. Калгаснікі пачалі добра зарабляць. Не трэба было некуды ехаць і шукаць іншай працы. Ідзі ў свой калгас, старайся — грошы заробіш! Я 43 гады вадзіцелем адпрацаваў. Машына добрая была — ЗіЛ з прычэпам, а работы хапала. Зарабляў па 300 рублёў за месяц. Дык гэта ж грошы былі — 300 рублёў! За працу работнікі нашай гаспадаркі медалі і ордэны атрымлівалі, не кажучы ўжо пра граматы і падарункі пасля завяршэння касавіцы і жніва. А як развалілі Савецкі Саюз, што з нашым калгасам здарылася? Сталі кіраўнікі мяняцца — адзін крыху пабудзе, тады другі. І блізка няма ранейшых ураджаяў. Значыць, і заробкі слабыя. А маім маладым аднавяскоўцам як? Гэта нам, старым, добра — дзяржава пенсію плаціць.
У Беларусі не адмовіліся ад таго добрага, што было ў Савецкім Саюзе, стараюцца захаваць. Не адракаюцца, як у некаторых іншых былых саюзных рэспубліках.
Наталля ЛІСІЦКАЯ