Выставу «Якуб Колас у профіль і анфас» можна пабачыць у музеі ў Мядзеле
У Мядзельскім музеі народнай славы праходзіць часовая плакатная экспазіцыя Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Якуб Колас у профіль і анфас».

На фотавыстаўцы прадстаўлены 50 імгненняў з жыцця класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. 50 фотапартрэтаў беларускага песняра складуць яго фоталетапіс – пачынаючы ад першага вядомага нам здымка Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа), які быў зроблены ў 1901 годзе ў Нясвіжы, і заканчваючы фотаздымкам 1956 года, апошняга года жыцця пісьменніка.
Партрэтныя здымкі класіка былі зроблены ў розных куточках Беларусі – у Нясвіжы, Мінску, Лунінцы, Пінску, Каралішчавічах, Пухавічах, а таксама за межамі нашай радзімы – у Маскве і Ташкенце.
Імгненні жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа трапілі ў аб’ектыў розных вядомых фатографаў. Сярод іх неабходна адзначыць Генрыха Фрыда, Рыгора Вайля, Майсея Напельбаума, Зянона Паўлоўскага, Іллю Берліна, Яўгена Рапасава, Уладзіміра Кітаса, Міхаіла Савіна, Георгія Бугаенку, а таксама фотааматараў – беларускага пісьменніка, сябра Якуба Коласа Міхася Лынькова і малодшага сына песняра Міхася Міцкевіча.
Якуб Колас быў яшчэ і мудрым філосафам, якога заўсёды хвалявалі адвечныя пытанні дабра і зла, праўды, волі, справядлівасці, сэнсу і мэты чалавечага жыцця. Філасофскія выказванні пісьменніка, многія з якіх сталі «крылатымі», дапоўняць вобраз народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Пра гэта ўсё расказалі ў музеі.
Выставу дапаўняюць іншыя экспанаты. Напрыклад, выданне паэмы «Новая зямля» з ілюстрацыямі нашага земляка Васіля Шаранговіча. Кнігу гэту ён падараваў мядзельскай школе.
Першымі гасцямі выставы сталі наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Мядзельскага ТЦСАН.




