Меню

Прошел вечер памяти Героя Социалистического Труда Эдуарда Тихого

У Камароўскай сельскай бібліятэцы-клубе прайшоў вечар памяці Героя Сацыялістычнай Працы Эдуарда Ціхага “Наш зямляк – наш гонар!”

Сабраліся на мерапрыемства аднавяскоўцы, суседзі, дочкі. Прыехалі свірскія школьнікі, прадстаўнікі раённага савета ветэранаў на чале з яго старшынёй Уладзімірам Валасевічам, старшыня Свірскага сельскага выканкама Валянціна Субач, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Свір-агра” Віктар Субач.

Адбылося вельмі цёплае, душэўнае мерапрыемства, якое прайшло на роднай беларускай мове. І гэта так было сугучна тэме вечарыны, так адпавядала чалавеку, пра якога там ішла гаворка, бо ён быў патрыётам сваёй Радзімы, вельмі любіў зямлю-карміцельку, свой родны край.

Вядучыя – культработнікі Ларыса Рабянок і Валянцін Мацясовіч – згадалі пра асноўныя моманты біяграфіі земляка. Пра яго дзяцінства, службу ў войску. Пра руплівую працу на карысць роднай Мядзельшчыны, якая і зрабіла яго знакамітым не толькі ў сваім рэгіёне, але і нашмат далей. Пра цягу да ведаў і, вядома ж, пра сям’ю, яго верную спадарожніцу жыцця Ядвігу Францаўну, пра дочак Рэгіну і Марыю. Дэманстраваліся і фотаздымкі, якія дапаўнялі аповед вядучых.

На вечарыне выступіла старшыня Свірскага сельскага выканаўчага камітэта Валянціна Субач, якая назвала Ціхага аўтарытэтным чалавекам, жыццё якога было прыкладам для многіх.

Пра Эдуарда Вікенцьевіча, як сапраўднага гаспадара на зямлі, гаварыў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Свір-агра” Віктар Субач.

Пра важнасць правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных памяці людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёну, асабліва для падрастаючага пакалення, казалі старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Валасевіч і дырэктар Свірскай сярэдняй школы Вера Шукела.

Шмат добрага расказалі пра Эдуарда Вікенцьевіча Яўгенія Вайгяніца і Эльвіра Байка, якія яго асабіста ведалі па сумеснай працы ў мясцовай гаспадарцы. А Часлаў Свідовіч вельмі трапна ахарактарызаваў Эдуарда Ціхага яшчэ і як дбайнага і шчырага суседа, гатовага ўсім дапамагчы.

Выступоўцы казалі пра працавітасць, адказнасць, адданасць роднай зямлі і даручанай справе героя вечарыны, пра яго прыстойнасць і сціпласць. А яшчэ пра тое, што ён пакінуў адметны след на зямлі, у душах і сэрцах людзей. Падзялілася ўспамінамі пра свайго тату і я, дачка Марыя.

Цёплыя словы, выступленні межаваліся з песнямі, якія ўдала ўпісваліся ў сцэнарый. Хораша спявалі Віктар Гуд, Валянцін Мацясовіч, Ларыса Рабянок.

Як мне здаецца, карысць вечарын, якія арганізоўваюцца па ініцыятыве раённага савета ветэранаў, пры падтрымцы мясцовай улады, культработнікаў, вялізная. Яна якраз і заключаецца ў тым, каб расказаць пра людзей зямлі беларускай, якія заслугоўваюць павагі, ушанавання, любові, памяці. Бо сапраўды, чалавек жыве столькі, колькі жыве памяць пра яго.

Марыя Лубнеўская

Фото аўтара і Камароўскай сельскай бібліятэкі-клуба

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59