Курей пересчитала и понесла всех в бор. В Свири объявились лисицы

У гарадскім пасёлку аб’явіліся лісіцы – у белы дзень іх фатаграфалі на вуліцах і падворках. Уладальнікі свойскай птушкі прадказальна нясуць страты. Зразумела ж, рыжая хітрыца не фатагравацца ў Свір прыходзіць.
ПРАБЛЕМА ЁСЦЬ
Пра гэта мне расказала жыхарка гарадскога пасёлка Марыя Кіслая. І зазначыла, што сітуацыя небяспечная не толькі для курэй ды гусей.
– Лісіца можа быць хворай на шаленства. Раптам укусіць каго? Асабліва за дзяцей страшна, – з хваляваннем гаварыла Марыя Васільеўна. – Так, у населеным пункце страляць нельга. Так, у сваім двары з драпежнікамі змагацца дазволена – скажам, паставіць капкан. Але ў каго сёння ёсць тыя капканы? І ці кожны ведае, дзе і як іх ставіць? Нам патрэбна дапамога!
Што ж, пастараемся яе знайсці.
…Мяркую, старэйшае пакаленне са мной пагодзіцца: за параўнальна кароткі час жыццё моцна змянілася. Яшчэ ў маім дзяцінстве свойская птушка была амаль на кожным прыватным падворку. У куратнікі час ад часу наведваліся драпежнікі. Праўда, часцей за ўсё шашкі. Іх лавілі капканамі. Здымалі з нязваных гасцей шкуркі (прабачце за суровы рэалізм) і здавалі нарыхтоўшчыкам. Неяк за адзін візіт куніца пазбавіла жыцця ўсіх дзядулевых курэй. Але кошт яе шыкоўнага футра спаўна кампенсаваў нанесены матэрыяльны ўрон. Пра тое, што і маральны можна ацэньваць у грашовых знаках, у нашых шыротах тады ніхто не здагадваўся. А капканы на ўсялякі выпадак меліся – калі не ў кожнага гаспадара, дык у вельмі многіх. У думках не было клікаць на дапамогу, напрыклад, сельвыканкам. Праўда, маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, а не ў гарадскім пасёлку. Сутыкніся я з такой праблемай цяпер, ці справілася б сама? Дзе тыя капканы? Ці прымаюць цяпер шкуркі драпежнікаў? І хто ўмее тыя шкуркі здымаць?
…А ЦІ ЁСЦЬ ВЫРАШЭННЕ?
Мой шлях ляжыць у Свірскі сельвыканкам.
– Праблему ведаем і працуем над яе вырашэннем, – гаворыць яго старшыня Валянціна Субач. – Звярталіся ў Нацпарк «Нарачанскі», учора атрымалі адказ. Напісалі і ў жыллёва-камунальную гаспадарку (гаворка ж пра тэрыторыю населенага пункта), на сёння – 18 сакавіка – адказу яшчэ няма.
Разам з Валянцінай Алякесееўнай чытаем ліст з нацпарку. Калі коратка, не перадрукоўваючы спасылкі на нарматыўныя дакументы, то:
— «прилегающие к г. п. Свирь территории входят в состав запретной для охоты зоны вокруг г. п. Свирь», а значыць, не ўваходзяць у тэрыторыю паляўнічых угоддзяў;
— «гражданам независимо от наличия у них документов на право охоты разрешается добыча или уничтожение любыми способами (кроме общеопасных) волков, шакалов, лисиц, енотовидных собак, зашедших на территорию населенных пунктов. Под общеопасным способом понимается способ, характеризующийся большой разрушительной силой или иным образом создающий опасность гибели людей, причинения телесных повреждений, иных тяжких последствий (взрыв, поджог, затопление и другое)»;
— «местные исполнительные и распорядительные органы обязаны организовывать регулирование распространения и численность охотничьих животных на территориях, не включенных в фонд охотничьих угодий, в том числе на территории запретных для охоты зон»;
— «в охотничьих угодьях ГПУ «НП «Нарочанский» круглогодично проводится работа по регулированию численности диких животных (волк, лисица, енотовидная собака, шакал, сорока, ворона серая), в том числе на территории охотничьих угодий Константиновского лесничества (вблизи г. п. Свирь)».
– Многія гаспадары паспяхова абараняюць ад драпежнікаў свае падворкі, – канстатуе Валянціна Субач. – І не толькі з дапамогай дзедаўскіх капканаў. Напрыклад, у дачніцы ў двары ўстаноўлены ліхтарыкі з датчыкамі руху. Пры іх спрацоўванні чуецца гук, які імітуе сабачы брэх. Але трэба прызнаць: з сітуацыяй спраўляюцца не ўсе. Таму я дамовілася з егерам з Астравеччыны – ён дапаможа перамагчы драпежнікаў не «агульнанебяспечным спосабам». Спадзяёмся і на дапамогу жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота pixabay.com
P.S. Калі матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, Валянціна Субач паведаміла, што прыязджаў егер з Астравеччыны, у тым ліку сустракаўся з Марыяй Кіслай. Былі і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі з Мядзела, але лісіц не сустрэлі: усё ж гэта хітрая дзікая жывёліна, а не даверлівы бадзяжны сабака.
Рекомендуем





