ХТОСЬЦІ разважлівы ў свой час прапанаваў адзначаць прафесійнае свята работнікаў вёскі напрыканцы восені.

Гэтакай парой на палях гаспадарак наступае пэўнае зацішша, хлеб ужо даўно засыпаны ў свірны, грамадскі статак пастаўлены на стойлавае ўтрыманне. Значыць, можна падвесці папярэднія вынікі зробленага на працягу сельскагаспадарчага года і, канечне, адсвяткаваць належным чынам Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Адно, што сёлета замінае — успышка каранавіруса, другая хваля якога накрывае зараз нашу краіну. Тым не менш, хлебаробы азёрнага краю завяршаюць год з неблагімі набыткамі, нашы мясціны здаўна славяцца добрасумленнымі працаўнікамі, якія заслугоўваюць за сваю руплівасць самай высокай ацэнкі. Прагрэсіўныя тэхналогіі дазваляюць аграрыям, не зважаючы на не заўсёды спрыяльныя ўмовы надвор’я, мець важкія вынікі.

Сёлетні год не выключэнне. Добрая арганізацыя работ на жніве дазволіла правесці ўборку ў сціслыя тэрміны і сабраць 34994 тоны збожжа пры ўраджайнасці 28,5 цэнтнера з гектара — 132 працэнты да леташняга ўзроўню. Удалым яго можна лічыць і для вырошчвання рапсу, валавы збор насення якога перавысіў мінулагодні амаль у два разы. А ўвогуле за дзесяць месяцаў тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 102,9 працэнта. Безумоўна, у гэтым поспеху значную ролю адыгралі сучасная тэхніка, тэхналагічная дысцыпліна.

Аднак самае галоўнае — майстэрства аграрыяў. Перш за ўсё, гэта заслуга нашых працавітых людзей, кіраўнікоў і спецыялістаў сельскагаспадарчых арганізацый, камбайнераў і механізатараў, аграномаў і інжынераў, аператараў зернеачышчальных і сушыльных комплексаў. Бясспрэчным лідарам на ўборцы ўраджаю стала таварыства “Сваткі”, якім шмат год кіруе вопытны і таленавіты Мікалай Варабей. Там забяспечаны самы высокі выніковы каэфіцыент па вытворчасці збожжа — 2,196. На “выдатна” папрацавалі таксама земляробы сельгасвытворчасці Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, якую ўзначальвае Мікалай Мягкоў, і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Нарачанская Ніва 2004” (кіраўнік Аляксандр Габрукевіч). Нельга не ўзгадаць добрым словам і надзейных памочнікаў хлебаробаў — супрацоўнікаў МНС, работнікаў гандлю, грамадскага харчавання, культуры, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання і моладзь, якая навучаецца. Як і сем’і вяскоўцаў, якія з разуменнем ставяцца да нялёгкай працы хлебаробаў, слаўных ветэранаў галіны.

Так атрымліваецца, што сельскагаспадарчы год складаецца з некалькіх адказных кампаній. Першая з іх распачынаецца ранняй вясной падрыхтоўкай да пасяўной. Механізатары актыўна вывозяць на палі і ўносяць арганічныя ўгнаенні, апрацоўваюць глебу. Многія з іх на гэтых адказных участках дабіваюцца высокіх паказчыкаў, выходзяць у лік пераможцаў у напружаным спаборніцтве. Скажыце, як можна не адзначыць эфектыўную працу механізатара таварыства “Занарачанскі” Эдуарда Дудзінскага, які пагрузіў ажно 27 тысяч 675 тон арга­нічных угнаенняў?! На іх унясенні найбольш вызначыўся Ігар Аўрэйцавіч з таварыства “Сваткі” — 7390 тон, а вадкіх мінеральных — Аляксей Селюкоў таксама з “Занарачанскага”.

Тэмпы сяўбы яравых збожжавых культур у многім вызначае аператыўная і якасная падрыхтоўка глебы. На гэтым участку ўмела выкарыстоўваў магчымасці тэхнікі Аляксандр Сташкевіч з таварыства “Будслаўскае”. І выпрацоўка ў Аляксандра Гена­дзьевіча на добрую зайздрасць многім — 2232 умоўныя эталонныя гектары. Блізка падышоў да адзначанай вышыні і старанны механізатар таварыства “Занарачанскі” Іван Байка. З гэтай жа гаспадаркі адметны хлебароб Іван Сурвіла, які пасеяў звыш тысячы ста гектараў збожжавых і зернебабовых. Нічога не скажаш, плошча ўражвае! У іншых таварыствах з яго калег вызначыліся Аляксандр Рацкевіч (“Свір-агра”), Міхаіл Крамок (“Будслаўскае”), Васіль Лісіцкі (“Мядзельскае аграпрамэнерга”).

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 14.11