За будслаўскім прылаўкам

242

За будслаўскім прылаўкамНядаўна патрапіла па справах у Будслаў. Бываю ў аграгарадку не так часта. Але, калі наведваюся, ніколі не мінаю мясцовыя крамы: і дзяржаўныя — прадуктовую і прамысловую, і прыватную. Там заўсёды і з тавараў нешта можна набыць, і культура абслугоўвання на ўзроўні.

Найперш зайшла ў магазін “Родны кут”. Успомніла, як намеснік старшыні праўлення райПО па кадрах і ідэалагічнай рабоце Таццяна Крыштопа хваліла гэту гандлёвую кропку. Яна расказвала, што скаргаў на работу прадаўцоў адтуль не паступала. Заўсёды вытрымліваюцца асартыментны пералік тавараў, тэрміны рэалізацыі прадуктаў. Даведзеныя планы таксама выконваюцца. Ды і прадаўцы падабраліся добрасумленныя, старанныя, адказныя.

Яшчэ з парога заўважыла, як ветліва, з веданнем справы работнікі прылаўка, а працавалі ў той дзень Алена Кратовіч і Лілія Раскова, абслугоўвалі пакупнікоў. Хуценька падавалі тавар, разлічвалі кліентаў. Тактычна цікавіліся, што яны яшчэ хацелі б набыць. Калі чалавек вагаўся, якому гатунку макароны, круп альбо мясных вырабаў аддаць перавагу, спакойна тлумачылі, што з гэтых тавараў ёсць у продажы, калі завезена, колькі каштуе. Мне асабіста было прыемна назіраць за іх работай і асабліва за дыялогам паміж прадаўцамі і пакупнікамі, іх паводзінамі. Адчуваліся прыязнасць, добразычлівасць як з боку адных, так і другіх. Пра сябе заўважыла, што гэта, напэўна, таму, што добра ведаюць адзін аднаго. Вось і адносіны  між імі шчырыя, даверлівыя, не фальшывыя.

Заўважыўшы мяне, Алена Аляксандраўна запыталася:

— Штосьці жадаеце купіць альбо ў нас па іншых справах?

Даведаўшыся, што хачу пра іх напісаць у газеце, пачала адмаўляцца і раіць зайсці ў прыватны магазін альбо прамысловых тавараў. Маўляў, там вельмі добрыя людзі працуюць — і самі акуратныя, і да кліентаў уважлівыя.

—  А вы не такія? — пытаюся ў сваёй суразмоўцы.

—  Мы таксама стараемся быць і ўважлівымі, і спагадлівымі, — чую ў адказ. — Інакш у гандлі нельга. Асабліва ва ўмовах канкурэнцыі, калі вельмі важна знайсці сваіх патэнцыяльных пакупнікоў і захаваць іх. Пра аблічванне, нейкія абразы і гаворкі быць не можа. Працуем па прынцыпу: “Будзь уважлівым, адносся да ўсіх прыязна, з душой — і тое ж самае атрымаеш”.

Ад Алены Аляксандраўны даведалася, што ў краме добрым попытам карыстаюцца каўбасы, мясныя вырабы, якія паступаюць з мясакамбінатаў Ліды, Мінска, Барысава, Бабруйска. З малочнай прадукцыі найбольш папулярныя гродзенская, мінская. Ды і вырабы з Нарацкага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства “Маладзечанскі малочны камбінат” нядрэнна разыходзяцца. У краме багаты асартымент хлеба, пячэння, цукерак, напіткаў. Уся прадукцыя свежая, якасная. Тлумачыцца гэта тым, што магазін на прамую працуе з вытворцамі і падае заяўкі на тыя тавары, якія задавальняюць пакупнікоў.

Варта падкрэсліць, што Будслаў — незвычайнае месца. Сюды прыязджаюць розныя дэлегацыі, экскурсіі, каб наведаць вядомую ў свеце святыню і помнік архітэктуры  — Санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Асабліва шматлюдна тут бывае на традыцыйны фэст, на які ў пачатку ліпеня збірае вернікаў і пілігрымаў з многіх куткоў Беларусі і іншых дзяржаў вакол сябе цудадзейны абраз апякункі Беларусі. У такія дні больш пакупнікоў становіцца і ў краме “Родны кут”. Тым не менш скаргаў на работу гандлёвай кропкі няма. Бо прадаўцы ўмеюць і тавар прапанаваць, і культурна абслужыць наведвальнікаў.

Самы вопытны работнік — Алена Кратовіч. Звыш трыццаці год працуе ў мясцовым магазіне. Была і прадаўцом, і загадчыцай. Цяпер яна зноў — прадавец. Як сама прызнаецца, ведае ўсіх вяскоўцаў у твар, і яны яе — таксама. Яшчэ з парога можа дакладна вызначыць, што прывяло пакупніка на гэты раз у краму. У размове жанчына падкрэсліла, што вельмі любіць сваю прафесію. І калі б зноў давялося выбіраць, кім быць, стала б толькі прадаўцом.

— Талковая ў нас і загадчыца — Алена Бабкевіч, — зазначае другі прадавец Лілія Раскова. — Акуратная, адказная, кампетэнтная. А калі па шчырасці, то мы ўсе тут — адна сям’я. Дапамагаем адна адной, давяраем. Без гэтага ў такой сферы, як наша, доўга не напрацуеш. І да людзей стараемся адносіцца з душой — і да сваіх, і да прыезджых. Трэба ж трымаць марку і магазіна, і нашага роднага краю. Асабліва гасцям паказваць, што беларусы — народ добры і працавіты. Ды і жывём мы ў чароўным куточку нашай Бацькаўшчыны — на сінявокай Мядзельшчыне. Не забываем пра гэта.

Дарэчы, Лілія Дзмітрыеўна толькі каля года працуе ў сферы гандлю. Прыйшла сюды з канторы мясцовай гаспадаркі. Але, не зважаючы на непрацяглы час работы, змагла палюбіць сваю новую прафесію. Нават здзіўляецца, чаму ж раней яе не выбрала.

Мясцовыя жыхары задаволены прадаўцамі магазіна “Родны кут”. Бо яны не толькі сумленна працуюць, але і людзі — выдатныя, шчырыя, неабыякавыя. Калі камусьці з вяскоўцаў да смаку прыйшліся, скажам, лідская каўбаса ці хлеб “Нарачанскі”, у чарговы іх прывоз у краму работнікі прылаўка абавязкова падкажуць, што паступіў тавар, які ім спадабаўся. Напэўна, веданне попыту сваіх пакупнікоў, уважлівасць, давер іх да прадаўца, а таго да наведвальнікаў — гэта і ёсць адметнасць работы сельскага магазіна.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: прадаўцы Лілія Раскова і Алена Кратовіч.

Фота Ігната Лубнеўскага.