Лідарскія пазіцыі нарачанцаў

284

Лідарскія пазіцыі нарачанцаўЛАДЗЯЦЦА справы ў жывёлаводаў ТАА «Нарачанская Ніва 2004». У гэтыя дні сярэднясутачны надой малака ад каровы складае тут 18,6 кілаграма, што на 4,49 кілаграма больш, чым у лютаўскія дні мінулага года. Штодзень з гаспадаркі рэалізуюць дзяржаве больш за пяць тон малака, усё — вышэйшым гатункам. Таварыства займае адно з лідзіруючых месцаў у раённай зводцы па вытворчасці малака. Як удаецца так высока трымаць планку? Што з’яўляецца асновай выніковай працы жывёлаводаў? З гэтых пытанняў і пачалася размова з галоўным заатэхнікам таварыства Аленай Яўсейчык.
— Лічу, што нашы дасягненні — гэта вынік работы ўсяго дружнага, згуртаванага калектыву. У нас нікому не трэба нагадваць, маўляў, дапамажы калегу, падбяры корм, які зваліўся з кормараздатчыка. Людзі ўсё самі бачаць, і ў любую хвіліну кожны гатоў, як кажуць, падставіць сваё плячо, — адказвае Алена Яўгеньеўна. — Яно менавіта так. Мы робім агульную справу, ад якой залежыць дабрабыт кожнага. Таму выдзеліць кагосьці асобна за яго старанне і руплівасць практычна немагчыма…

Лідарскія пазіцыі нарачанцаў
З далейшай размовы даведаўся, што ў таварыстве ёсць больш за 815 галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак, а гэта 340 кароў, знаходзіцца на ферме «Швакшты». Тут таксама ўтрымліваюцца 155 маленькіх цялятак, цялушкі на дарошчванні, а таксама маладняк для ўзнаўлення статка.
— Працуем дружна. Скажам, сартуем жывёлу. Не толькі даяркі займаюцца гэтай справай. Завіхаецца брыгадзір Аксана Чытовіч, лабарант, яна вядзе і племянны ўлік, Часлава Каратышэўская, вядучы ветурач і тэхнік-асемянатар Пётр Ермаковіч. Ніколі не застаюся ў баку ад гэтай справы і я. Пры неабходнасці дапамагаюць вартаўнікі, механізатары, — працягвае размову заатэхнік. — Калектыў наш невялікі — 18 чалавек.

Лідарскія пазіцыі нарачанцаў
Літаральна пра кожнага яна гаварыла цёпла, з душой. Адчуваецца, што Алена някепска ведае людзей, даражыць імі.
— Абібокаў і аматараў выпіць няма. Такія работнікі ў нас не затрымліваюцца. Магчыма, у якім-небудзь іншым калектыве да падобных работнікаў адносяцца інакш. Мы з парушальнікамі дысцыпліны развітваемся без усялякіх шкадаванняў, — дадае Алена Яўгеньеўна.
Усе рагулі падзелены на два гурты. Адзін (120-130 кароў) утрымліваецца ў цэху №1, дзе ўстаноўлены робаты. Гэтай сістэмай вельмі задаволены: лепшая якасць выдойвання, чысціня, змяншэнне захворванняў жывёлы — фактары, пагадзіцеся, пераканаўчыя. І людзі працуюць зусім у іншых умовах, патрэбна іх значна менш. Усё пагалоўе пазменна абслугоўваюць тры аператары. Як расказала заатэхнік, кожны з іх вызначаецца адказнасцю, дысцыплінаванасцю, акуратнасцю. Найбольшы стаж мае Лілія Вяршыла. Яна і раней была даяркай. А вось Віктар Дубовік у калектыве тры гады. Для Валерыя Целяка праца на ферме сямейная справа. Тут шчыравалі яго бацькі, а зараз і Валерый. Людзі рэгулярна маюць выхадны.
А вось цэх №2 працуе ў ранейшым рэжыме. На пасадах аператараў машыннага даення кароў там завіхаюцца Уладзіслаў Лукашэвіч, Ірына Вайцяховіч, Таццяна Дзямідава і Святлана Сячынская.
— Кожны з іх таксама заслугоўвае шчырых слоў падзякі за бездакорнае выкананне службовых абавязкаў, — гаворыць заатэхнік. — Як і слесар-наладчык Іван Шах. За плячыма гэтага чалавека не адно дзесяцігоддзе працы. Ён пільна сочыць за спраўнасцю і чысцінёй малочнага абсталявання.
Расказваючы пра калектыў жывёлаводаў, Алена Яўгеньеўна папрасіла абавязкова адзначыць цялятніц. Нованароджаных цялятак да 20-дзённага ўзросту даглядае Зоя Гірдзей. Яна працуе шмат гадоў. Раней была даяркай, а зараз завіхаецца цялятніцай. З вялікай адказнасцю жанчына адносіцца да даручанай справы, перажывае за кожнае цялятка. Цяпер шмат кароў целіцца, таму Зоі Іванаўне цяжкавата спраўляцца. Вось і далі ёй памочніка Фрола Сячынскага, які таксама працуе шчыра, добрасумленна.
— Паўгода ў нас маладая дзяўчына Анастасія Юркойць. Яна даглядае групу дарошчвання. Ды групу сказана ўмоўна. Больш за 150 гадаванцаў у Насці, — зазначае заатэхнік. — Тут шмат ручной працы.

Лідарскія пазіцыі нарачанцаў
Зазірнулі мы ў памяшканне, дзе гаспадарыць Насця. Убачыўшы незнаёмых людзей, цяляты насцярожыліся. А пачуўшы голас Анастасіі, яны жвавенька пабеглі да яе. Кожнае імкнулася лізнуць гаспадыню, каб тая пагладзіла, дастала з кішэні пачастунак.
— Няма патрэбы Насці нагадваць, маўляў, зрабі тое ці іншае. Сама ўсё бачыць. Неяк заходжу ў цялятнік, бачу ў вядры разведзеную вапну. «Што гэта?» — пытаюся. «Ды сцены крыху трэба падбяліць, запэцкаліся, непрыгожа», — чую ў адказ. Ну што тут можна казаць?! — гаворыць Алена Яўгеньеўна.
— А хто гэта яловыя галінкі прымацаваў у памяшканні да апорных слупоў? — пытаюся.
— Хто?! Насця. Такім чынам яна ўпрыгожыла памяшканне сваіх гадаванцаў, — усміхаецца заатэхнік.
Спецыяліст расказала пра начных вартаўнікоў-даглядчыкаў жывёлы Аляксандра Лявіцкага і Аляксандра Фадзеева. Яны не спяць, рэгулярна праходзяць па памяшканнях, падкідаюць корм у кармушкі, сочаць за жывёлай, ды і кацельню працепляць.
Зразумела, на ферме «Швакшты», як і на многіх іншых, не абыходзяцца без механізатараў. Таму заатэхнік папрасіла адзначыць з лепшага боку Рамана Брэдняка і Віктара Фіціна, якія заняты пагрузкай кармоў. На кормараздатчыку завіхаецца Аляксандр Нікалаеў, на адвозцы гною — Віталій
Сямашка.
— Хлопцы дружныя, дапамагаюць адзін аднаму. Скажам, зламаўся кормараздатчык, Аляксандр і яго сябры прыкладуць усе намаганні, але ўхіляць няспраўнасць. Не было такога выпадку, каб жывёла засталася ненакормленай. Дзякуй ім за старанне, — дапаўняе Алена Яўгеньеўна. — Ледзь не забылася. Хачу назваць яшчэ двух руплівых жывёлаводаў. Гэта Алег Паціенка і Аляксандр Садоўскі. Яны працуюць даглядчыкамі на ферме «Нарач». Вельмі старанныя хлопцы. А ўвогуле, амаль увесь калектыў таварыства працуе на жывёлагадоўлю.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.