Падрыхтоўка да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ідзе ў адпаведнасці з Каляндарным планам

232

ВЫБАРЫ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 9 жніўня бягучага года.
Зараз у адпаведнасці з Каляндарным планам, зацверджаным пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, поўным ходам ідзе да іх падрыхтоўка. Пра гэта якраз і можна даведацца з прапанаванай ніжэй гутаркі з начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, намеснікам старшыні Мядзельскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Таццянай ХАЦЯНОВІЧ.

— Што ўжо зроблена ў плане падрыхтоўкі да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у нас на Мядзельшчыне?

— Работа ў дадзеным накірунку вядзецца ў раёне ў адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Створана і працуе Мядзельская раённая камісія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У яе складзе 12 чалавек. Адпаведным рашэннем раённага выканаўчага камітэта вызначаны на тэрыторыі раёна ўчасткі для галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Іх у нас 24, з якіх адзін (Бальнічны) — закрыты. Столькі ж будзе ў нас і ўчастковых камісій. Дарэчы, вылучэнне ў іх склад прадстаўнікоў завершана. Падкрэслю і тое, што ўсе неабходныя дакументы, якія датычаць падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у вызначаныя тэрміны друкуюцца на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”. На прадпрыемствах, у арганізацыях і ва ўстановах створаны куткі выбаршчыка, дзе прадстаўлена ўся неабходная інфармацыя па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— У краіне, як ведаем, працавалі ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Як праводзілася гэта работа ў нас на Мядзельшчыне?

— У раёне, як і ва ўсёй краіне, зборам подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь займаліся ініцыятыўныя групы. Адпаведныя падпісныя лісты імі пададзены ў Мядзельскую раённую камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пачынаецца праверка дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах. З гэтай мэтай члены раённай камісіі могуць патэлефанаваць альбо наведацца да тых ці іншых жыхароў раёна. Хачу нагадаць, што праверкай дакладнасці сабраных подпісаў на тэрыторыі нашага раёна займаюцца выключна члены Мядзельскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па выніках праверкі інфармацыя, якая дазваляе ўстанавіць колькасць выбаршчыкаў, што паставілі свае подпісы ў падтрымку прапановы аб вылучэнні таго ці іншага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у вызначаны тэрмін будзе пададзена ў Мінскую абласную камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Таццяна Уладзіміраўна, хацелася б таксама некалькі слоў пачуць пра наступныя этапы выбарчай кампаніі, якія нас чакаюць у бліжэйшы час.

— А аўторак на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта зацверджаны склад участковых выбарчых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На месцах пройдуць арганізацыйныя пасяджэнні па выбары старшынь, іх намеснікаў, сакратароў участковых камісій. Пасля гэтага яны прыступяць да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў. Найпершы з якіх — падрыхтоўка спісаў выбаршчыкаў, якія жывуць на тэрыторыі адпаведных участкаў для галасавання і маюць права ўдзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Наступны этап — арганізацыя дзяжурства ўчастковых камісій. Гэта трэба для таго, каб кожны грамадзянін у адпаведнасці з артыкулам 21 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь мог праверыць, ці ёсць ён у спісах выбаршчыкаў.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.